Гэта заявіў Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Заява прагучала пасьля таго, як на гэтым тыдні Масква і Пхеньян паглыбілі адносіны і дамовіліся аб неадкладным аказаньні ваеннай дапамогі, калі адзін з бакоў сутыкнецца з узброенай агрэсіяй.
Падпісаньню пакта прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам папярэднічалі абвінавачаньні ЗША ў тым, што Пхеньян перадаваў Маскве зброю для выкарыстаньня супраць Украіны, куды Расія ўварвалася ў лютым 2022 года. І Масква, і Пхеньян адмаўляюць гэтыя абвінавачаньні.
Паводле слоў дыпляматаў, Рада Бясьпекі ААН правядзе пасяджэньне па Паўночнай Карэі 28 чэрвеня на просьбу ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Паўднёвай Карэі і Японіі, якія хочуць абмеркаваць пытаньне аб пастаўках зброі Пхеньянам у парушэньне рэзалюцый Рады бясьпекі.
КНДР знаходзіцца пад санкцыямі ААН з 2006 года ў сувязі са сваёй ракетна-ядзернай праграмай, і за гэты час санкцыі ўзмацняліся, прычым пры падтрымцы Расіі.
«Існуюць санкцыі ў дачыненьні да КНДР, ухваленыя Радай Бясьпекі, — заявіў Гутэрыш у гутарцы з журналістамі ў пятніцу. — Любыя адносіны, якія любая краіна падтрымлівае з КНДР, уключаючы Расейскую Фэдэрацыю, павінны цалкам адпавядаць гэтым санкцыям».
Прадстаўніцтва Расеі пры ААН адмовілася камэнтаваць словы Гутэрыша.
У траўні 2022 года Масква і Пэкін наклалі вета на прапанову ЗША ўвесьці дадатковыя санкцыі ААН супраць Паўночнай Карэі ў сувязі з аднаўленьнем запускаў балістычных ракет. У сакавіку гэтага года Расея наклала вета на аднаўленьне працы групы экспэртаў, якія адсочваюць выкананьне санкцый ААН.
Да роспуску групы ў канцы красавіка тры экспэрты пабывалі ва Украіне і ў дакладзе Рады Бясьпекі, зь якім азнаёмілася агенцтва Reuters, вызначылі, што абломкі ракеты, якая ўпала ва ўкраінскім Харкаве 2 студзеня, належаць паўночнакарэйскай балістычнай ракеце «Хвасон-11».
Кітай і Расея сьцьвярджаюць, што сумесныя ваенныя вучэньні ЗША і Паўднёвай Карэі правакуюць Пхеньян, а Вашынгтон абвінавачвае Пэкін і Маскву ў тым, што яны падштурхоўваюць Паўночную Карэю, абараняючы яе ад новых санкцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саміт міру, крызіс у КР і візыт Пуціна ў КНДР. Вынікі тыдня з Карбалевічам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КНДР перадала Расеі 5 мільёнаў снарадаў для артылерыі