Пра гэта піша «Наша ніва».
Туск, крытыкуючы міграцыйную палітыку папярэдняга ўрада, заявіў, што прыцягненьне беларускіх і расейскіх айцішнікаў дапамагло стварыць у Польшчы «замежную агентуру».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Туск: завоз беларускіх «айцішнікаў» у Польшчу дапамог стварыць «замежную агентуру»16 чэрвеня на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х Туск напісаў:
«І яшчэ раз. Яны завезьлі СОТНІ ТЫСЯЧ мігрантаў з Азіі і Афрыкі (заадно зарабляючы грошы на візах), а таксама расейскіх і беларускіх „айцішнікаў“, дапамагаючы ствараць замежную агентуру. Гэта хочуць прыкрыць расісцкай прапагандай. Яны разьлічваюць на кароткую памяць і гучнасьць свайго крыку».
У SoDA расказалі, што ў польскай IT-індустрыі ўспрынялі гэтыя словы зь неразуменьнем і трывогай. Многія прадстаўнікі галіны палічылі гэту заяву несправядлівай.
У звароце адзначаецца, што польская сфэра IT дагэтуль б’ецца над праблемай прыцягненьня новых кваліфікаваных кадраў. І адным з рашэньняў стала запрашэньне беларусаў па праграме Poland. Business Harbour. У дакумэнце згадваецца статыстыка, паводле якой больш за 100 тысяч беларусаў жывуць у Польшчы на падставе дазволу на жыхарства, у тым ліку 40 тысяч ужо валодаюць дазволам на сталае жыхарства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы арыштавалі беларуса, які арганізаваў нелегальную міграцыю ў ЭЗ з дапамогай Poland Business Harbour«Многія з гэтых людзей валодаюць унікальным вопытам і навыкамі ў ІТ-індустрыі, якія цэняцца і запатрабаваныя ва ўсім сьвеце. Для нас — IT-індустрыі — гэта калегі, з якімі мы сядзім за сталом і прапускаем адзін аднаго ў калідоры. Словы, выказаныя адным з самых важных людзей краіны, былі для іх цяжкімі для разуменьня», — адзначаецца ў звароце.
«Варта падкрэсьліць, што падтрымка беларускіх IT-адмыслоўцаў і тэхналягічных кампаній — гэта ня толькі маральны абавязак, але і стратэгічная інвэстыцыя ў будучыню нашай эканомікі», — адзначаюць у SoDA.
Арганізацыя просіць улады з асьцярожнасьцю ставіцца да словаў аб індустрыі і не ствараць ілжывыя наратывы.
- У рамках праграмы Poland. Business Harbour грамадзянам Беларусі Польшча выдала 93 тысячы візаў.
- Паводле зьвестак Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА), беларускія прадпрымальнікі агулам перавезьлі ў Эўразьвяз амаль 9 тысяч кампаній. Зь іх на пачатак 2024 году каля 75% усіх кампаній, якія пераехалі зь Беларусі ў ЭЗ, перанесьлі сваю дзейнасьць у Польшчу.