Паўднёвая Эўропа рыхтуецца да афрыканскай сьпёкі. Улады шэрагу краін папярэджваюць жыхароў пра рызыку цеплавога ўдару. Пра гэта інфармуе Euronews.
Патокі гарачага паветра, якія падганяюцца вятрамі з Паўночнай Афрыкі, накрываюць Паўднёвую Эўропу. Тэмпэратура там імкліва павялічваецца, асабліва ў Італіі і на Балканах.
У васьмі італьянскіх гарадах дзейнічае папярэджаньне аб сьпёцы.
Мэтэаролягі кажуць, што гэты год рызыкуе стаць самым гарачым за ўсю гісторыю назіраньняў, а папярэдні рэкорд 48,8 градуса, зафіксаваны ў 2021 годзе на Сыцыліі, можа быць пабіты.
Анамальнае надвор’е адбіваецца на людзях па-рознаму, у залежнасьці ад іх узросту, фізычнай формы і стану здароўя. Найбольш цярпяць пажылыя і хранічна хворыя людзі.
На мінулым тыдні з прычыны 40-градуснай сьпякоты ўлады Грэцыі былі вымушаныя закрыць для наведваньняў Акропаль. У Турэччыне тэмпэратура на ўзьбярэжжы была на 12 градусаў вышэйшая за сэзонную норму. А жыхароў Паўночнай Македоніі заклікалі не пакідаць дамы з прычыны моцнай сьпёкі.
Апошнімі днямі зьявіліся паведамленьні, што больш за 1000 пілігрымаў памерлі падчас хаджу ў Саудаўскай Арабіі. Масавая гібель людзей падчас хаджу адбывалася таксама ў 2023 і 2015 гадах.
Паводле прагнозаў, чакаецца, што да Беларусі гэтая хваля афрыканскага цяпла ня дойдзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звыш 550 паломнікаў памерлі падчас хаджу ў Саудаўскай Арабіі, большасьць ад сьпякоты