Дзярждэпартамэнт ЗША выказаў упэўненасьць, што Ўкраіна стане сябрам NATO, нягледзячы на скептыцызм некаторых палітыкаў, піша «Голас Амэрыкі».
«Важна наступнае: будучыня Ўкраіны — у NATO, — заявіў прадстаўнік ведамства Мэт'ю Мілер. — Яна стане сябрам NATO. Мы ясна далі гэта зразумець».
Паводле яго слоў, ЗША працягнуць працу з саюзьнікамі па NATO «над пераходам да сяброўства, над тым, як гэты пераход будзе выглядаць і што павінна зрабіць Украіна».
На саміце NATO ў Вільні ў ліпені 2023 году скасавалі Плян дзеяньняў Украіны для сяброўства ў NATO і стварылі Раду Ўкраіна — NATO — інструмэнт, каб наблізіць далучэньне Ўкраіны да альянсу.
Аднак Украіна не атрымала дакладнай пэрспэктывы ўступленьня. Удзельнікі саміту пацьвердзілі, што Ўкраіну запросяць у NATO, калі саюзьнікі пагодзяцца, што яна выканала ўсе неабходныя для гэтага патрабаваньні.
Чарговы саміт NATO пройдзе з 9 па 11 ліпеня 2024 году ў сталіцы ЗША Вашынгтоне і будзе прысьвечаны 75-годзьдзю альянсу. На ім зноў будзе гучаць тэма сяброўства Ўкраіны ў альянсе.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сёлета заявіў, што ўкраінскае войска мае высокі ўзровень падрыхтоўкі да сяброўства ў NATO, уступленьне Ўкраіны ў Паўночнаатлянтычны альянс мае вялікую падтрымку сярод украінцаў, а сяброўства ў гэтай арганізацыі створыць дадатковыя гарантыі бясьпекі для краін Усходняй Эўропы.
Украінскі прэзыдэнт перакананы, што далучэньне Ўкраіны да NATO створыць дадатковыя гарантыя бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе.
«Гэта будзе, калі шчыра, найлепшая гарантыя бясьпекі для Ўкраіны, што ня будзе вяртаньня расейскай агрэсіі, найлепшая гарантыя бясьпекі для краін Балтыі, найлепшая гарантыя бясьпекі для Польшчы і (...) я мяркую, магчымасьць думаць пра іншую будучыню для Беларусі. Гэта сяброўства Ўкраіны ў NATO», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Ўкраіна падпісалі дамову пра бясьпеку. Што яна прадугледжвае?