У Менску судзяць Уладзімера Цюхая, былога функцыянэра Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (БРСМ) і праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. Пра закрыты суд над ім суд «Позірку» стала вядома з афіцыйнай інфармацыі Менскага гарадзкога суду, дзе 21 чэрвеня пачынаецца працэс. Працэс вядзе судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч.
Паводле зьвестак з суду, Цюхаю выставілі абвінавачаньне ў здрадзе дзяржаве (часткі 1 і 2 артыкулу 356 КК, з пакараньнем да 20 гадоў зьняволеньня і нават сьмяротнай карай), а таксама зьвязаным з гвалтамоўным прымусам асобы да ўдзелу ў злачыннай дзейнасьці (частка 2 артыкулу 288 КК, што караецца зьняволеньнем на тэрмін да 7 гадоў).
На час сьледзтва паводле гэтых цяжкіх артыкулаў прадугледжаны арышт, але дакладна невядома, ці знаходзіўся Ўладзімер Цюхай пад вартай да суду. Паводле «Нашай нівы» у сацсетцы «УКантакце» праўладны актывіст апошні раз зьяўляўся ў 2022 годзе. Мабільны тэлефон Цюхая на выклікі не адказвае.
Што вядома пра Цюхая
Уладзімеру Цюхаю 37 гадоў. Ён закончыў менскі Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва, быў актывістам БРСМ, яго выбіралі сакратаром Менскага гаркаму Камуністычнай партыі, ад якой ён спрабаваў стаць дэпутатам. Займаўся бізнэсам, працаваў дырэктарам некалькіх фірмаў, у тым ліку акцыянэрнага таварыства «Выдавецкі дом «ВіАлВі».
Зь імем Уладзімера Цюхая зьвязана некалькі гісторыяў у беларускіх СМІ.
9 траўня 2007 году як актывіст Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Ўладзімер Цюхай удзельнічаў у спальваньні эстонскага сьцяга падчас пратэсту каля эстонскага консульства ў Менску.
«Давайце будзем разьдзяляць наша стаўленьне да эстонскага кіраўніцтва і да эстонскіх праўладных структураў, якія прыкрываюцца нацыяналістычнай сымболікай, і да эстонскага народу. Эстонскі народ выступае пад чырвонымі сьцягамі ў абарону помнікаў салдатам Вялікай Айчыннай вайны», — казаў Цюхай на той акцыі.
У 2008 годзе ў судзе ён пхнуў маці журналіста Аляксандра Баразенкі, калі тая выказала абурэньне ягонымі паводзінамі. У 2010 годзе Ўладзімер Цюхай быў сябрам выбарчай камісіі на прэзыдэнцкіх выбарах, у інтэрвію для дзяржаўных СМІ называў выбары «дэмакратычнымі і празрыстымі», пасьля разгону пратэстаў 19 сьнежня 2010 году казаў пра пратэстоўцаў, што тыя «нецьвярозыя маладзёны, якіх вялі палітычныя банкруты».
У 2013 годзе ён апынуўся ў цэнтры гісторыі, зьвесткі пра якую распаўсюдзілі так званыя «жодзінскія змагары з пэдафіламі». Паводле гэтых добраахвотнікаў, Уладзімер Цюхай нібыта адгукнуўся на прапанову аб сустрэчы, зробленую падчас перапіскі ў інтэрнэце нібыта ад імя 15-гадовага падлетка.
Тая гісторыя згадалася восеньню 2020 году, калі зь дзяржаўных СМІ стала вядома, што Ўладзімер Цюхай зь дзевяцьцю знаёмымі як сябра «народнай дружыны» па выходных удзельнічае ў патруляваньні менскіх вуліц і двароў з мэтай дапамагчы міліцыі змагацца з пратэстамі.
«Каб адсочваць, ці не адбываецца дзе несанкцыянаванае мерапрыемства», — тлумачыў Цюхай сваю актыўнасьць тэлеканалу АНТ. Тады журналіст «Нашай нівы» пацікавіўся ў Цюхая, чым скончылася жодзінская гісторыя «змаганьня з пэдафільствам», у якой ён фігураваў?
«На сёньня я ні да чога не прыцягваўся, адносна мяне ніякіх спраў не заводзілася і ніякім падазраваным я нідзе ня быў», — адказваў у 2020 годзе Ўладзімер Цюхай.
Суд над Уладзімерам Цюхаем пачаўся ў менскім гарсудзе 21 чэрвеня, але праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. Як ставіцца былы актывіст БРСМ і КПБ да выстаўленых абвінавачаньняў, пакуль невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Азбука маральнасьці». Хто будзе вучыць дзяцей любіць савецкіх герояў