У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што з 21 чэрвеня пачалі раптоўную праверку гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак Узброеных сіл да выкананьня задач па прызначэньні.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, у праверцы задзейнічалі вайсковыя часткі і падразьдзелы апэратыўных камандаваньняў, сіл спэцыяльных апэрацый, ракетных войскаў і артылерыі, вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.
«На першым этапе будуць адпрацоўвацца пытаньні апэратыўнага заняцьця прызначаных раёнаў, падрыхтоўкі іх у інжынэрным дачыненьні, арганізацыі аховы і абароны, заступленьне на баявое дзяжурства. Далей вайсковыя часткі і падразьдзелы выканаюць навучальна-баявыя задачы», — адзначылі ў Мінабароны Беларусі.
Праверка баявой гатоўнасьці будзе праходзіць на палігонах і ўчастках мясцовасьці ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях.
У раптоўнай праверцы задзейнічалі далёкабойныя комплексы «Палянэз»
Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павал Муравейка ўдакладніў, што раптоўную праверку пачалі а 9-й раніцы 21 чэрвеня.
Паводле яго, адначасова з сіламі спэцыяльных апэрацый удзельнічаюць падразьдзелы ракетных войскаў, аснашчаныя комплексамі «Палянэз» і рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню БМ-21 «Град».
«Гэтыя падразьдзелы прыхавана займаюць прызначаныя раёны і павінны заступіць на баявое дзяжурства па прызначаных аб’ектах», — заявіў Павал Муравейка.
Начальнік Генштабу Беларусі дадаў, што пасьля стварэньня сыстэмы загарод, войскі будуць адпрацоўваць пошук, зьнішчэньне і блякаваньне дывэрсійна-выведных груп умоўнага праціўніка, а таксама апэратыўнае рэагаваньне і выхад на прызначаныя рубяжы.
У межах усёй праверкі «комплексна будзе дзейнічаць авіяцыя, якая выканае задачы па дастаўцы і высадцы штурмавых груп на пагрозьлівыя кірункі», а таксама выкарыстоўвацца бесьпілётнікі.
У той жа час Павал Муравейка не ўдакладніў працягласьць чарговай раптоўнай праверкі боегатоўнасьці.
Як адрэагавалі ва Ўкраіне на чарговую праверку ля сваіх межаў
У Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны заявілі, што заява памежнікаў Беларусі аб павелічэньні ўкраінскага вайсковага кантынгенту ў Жытомірскай вобласьці і абвяшчэньне раптоўнай баявой праверкі зьяўляюцца элемэнтамі «інфармацыйнай кампаніі па нагнятаньні напружанасьці на мяжы».
«Такім чынам вораг спрабуе ў чарговы раз разыграць карту „пагрозы зь Беларусі“. Але насамрэч на сёньня гэтая пагроза ёсьць больш інфармацыйнай, чым вайсковай. Актыўнасьць войскаў у Беларусі пільна адсочвае наша выведка. На мяжы захоўваецца пагроза дывэрсійна-выведных груп, аднак у ворага зараз няма рэсурсаў на гэтым кірунку для новага наступу на Ўкраіну. У той жа час украінскія сілы абароны гатовы да любых правакацый зь беларускай тэрыторыі», — заявіў кіраўнік цэнтру, афіцэр Сіл абароны Ўкраіны Андрэй Каваленка.
Паводле яго, «расейскі асабовы склад у Беларусі выконвае ролю дывэрсійна-выведных груп».
«І ў выпадку заходу гэтых груп на нашу тэрыторыю іх, вядома ж, будуць зьнішчаць», — падкрэсьліў ён.
Кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны перакананы, што імітуючы пагрозу з боку Беларусі «вораг спрабуе выклікаць паніку і дэстабілізаваць сытуацыю ўнутры ўкраінскага грамадзтва», а таксама адцягнуць украінскія войскі зь іншых участкаў фронту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Беларусь сваімі заявамі стараецца перакласьці на Ўкраіну адказнасьць за напружанасьць на мяжыШто папярэднічала
У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі 20 чэрвеня заявілі пра ўзмацненьне аховы дзяржаўнай мяжы ў сувязі зь нібыта павелічэньнем у сумежнай Жытомірскай вобласьці Ўкраіны колькасьці вайскоўцаў, у тым ліку «сіл спэцыяльных апэрацый і спэцпадразьдзелаў Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны» зь цяжкім узбраеньнем нямецкай і амэрыканскай вытворчасьці.
«Памежная служба Рэспублікі Беларусь на мяжы з Украінай нясе службу ва ўзмоцненым рэжыме і супольна зь Міністэрствам абароны рэагуе на зьмену абстаноўкі шляхам павелічэньня шчыльнасьці прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы, у тым ліку за кошт магчымасьцяў манэўровых груп паўднёвага кірунку, аснашчаных сучасным узбраеньнем і вайсковай тэхнікай. Праводзяцца дадатковыя захады ў выведцы і кантролі стану рэжыму дзяржаўнай мяжы», — адзначалася ў афіцыйным паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне правераць, як пабудавалі фартыфікацыі на мяжы зь Беларусьсю- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.