Менскі гарадзкі суд прысудзіў палітыку Франку Вячорку 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведаміла прэс-служба Генпракуратуры.
«Лукашэнкаўскі „суд“ высока ацаніў маю працу. Далі па максымуме, што было прадказальна. Безумоўна, я буду абскарджваць гэтае рашэньне, дамагацца яго адмены. Я лічу, што ўсе саўдзельнікі — судзьдзя, пракурор і іншыя — панясуць адказнасьць у свой час», — пракамэнтаваў Вячорка выданьню «Позірк» свой прысуд.
Працэс над дарадцам Ціханоўскай пачаўся 31 траўня.
Вячорка падаў у суд хадайніцтва, каб даваць паказаньні празь відэасувязь, але суд заявіў, што калі справа разглядаецца ў парадку спэцвядзеньня, то матэрыялы справы падаюцца абаронцу. У выніку палітыку прысутнічаць на працэсе аддалена забаранілі і запрасілі прыехаць у Менск.
Па словах Франака Вячоркі, у працэсе разгляду справы парушылі яго права на справядлівы судовы разбор.
«Я ня ведаў і да гэтага часу ня ведаю сутнасьці абвінавачаньня, суд праходзіў безь мяне, без абранага мною абаронцы. Абаронца, прызначаны мне дзяржавай, сам ня зьвязваўся са мной, не цікавіўся маёй пазыцыяй па сутнасьці абвінавачаньня. Такім чынам, я быў пазбаўлены права на абарону ў судзе», — сказаў дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі.
Справу Вячоркі расьсьледавалі завочна, у парадку «спэцыяльнага вядзеньня». Пра завядзеньне справы СК паведаміў у лютым.
Франку Вячорку паставілі ў віну 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- «Здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК);
- «Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (ч. 1 арт. 357 КК);
- «Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады» (ч. 3 арт. 361 КК);
- «Дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК);
- «Стварэньне і кіраваньне экстрэмісцкім фармаваньнем, у тым ліку паўторна» (чч. 1, 2 арт. 361-1 КК);
- «Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці і звады» (ч. 3 арт. 130 КК);
- «Арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК);
- «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК);
- «Паклёп на прэзыдэнта» (ч. 2 арт. 367 КК).
Акрамя таго, яму выставілі пазоў «у інтарэсах дзяржавы» аб пакрыцьці маёмаснай шкоды ў суме больш за 30,9 млн рублёў, «прычыненай супрацьпраўнымі дзеяньнямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над памерлым, завочныя і паўторныя суды: у траўні сама меней 145 чалавек асудзілі ў Беларусі па палітычных справах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу супраць дарадцы Ціханоўскай Вячоркі накіравалі ў суд. Завочна яму інкрымінуюць 9 крымінальных артыкулаў