Амбасадары краін Эўразьвязу ўзгаднілі 14-ы пакет санкцый супраць Масквы з прычыны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Пра гэта паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк.
Прыняцьце санкцыйнага пакету адкладалася праз пазыцыю Нямеччыны, якая выступала супраць адказнасьці эўрапейскіх кампаній за парушэньне санкцый іх даччынымі прадпрыемствамі і партнэрамі ў трэціх краінах, паведамлялі Радыё Свабода, EUobserver і Reuters. У сераду ў гэтым пытаньні дасягнулі кампрамісу, расказаў Юзьвяк.
EUobserver са спасылкай на праект дакумэнту раней пісаў, што новы пакет санкцый прадугледжвае забарону на перавалку расейскага звадкаванага прыроднага газу і экспарт гелію і абмежаваньне доступу да тэхналёгій падвойнага прызначэньня.
У санкцыйны сьпіс могуць трапіць сьпявачка Паліна Гагарына, заснавальнік «Расейскай меднай кампаніі» Ігар Алтушкін — былы супрацоўнік адміністрацыі Пуціна, генэральны дырэктар АНА «Інстытут разьвіцьця інтэрнэту» Аляксей Гараслаўскі і былы прэзыдэнт кампаніі «Балтыка» Таймураз Балоеў.
Новы пакет будзе прыняты, як мяркуецца, падчас саміту ЭЗ у Брусэлі 27-28 чэрвеня або перад ім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін даў зразумець, што ніякія прапановы аб замірэньні яго пакуль не задавальняюць, — Аляксандар Марозаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Slack спыняе паслугі для карыстальнікаў у Расеі