«Вясна» параўнала завочныя суды ў Беларусі з расправамі ад імя дзяржавы

Праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка пасьля вызваленьня з турмы, якога нядаўна зноў засудзілі завочна. Архіўнае фота

Праваабаронцы «Вясны» выступілі з заявай у абарону беларусаў, яікх судзяць завочна, і прааналізавала практыку такіх судоў з пункту гледжаньня іх адпаведнасьці міжнародным нормам.

Падставай для пратэсту стаў прысуд вясноўцу, былому палітвязьню Леаніду Судаленку, якога 17 чэрвеня Цэнтральны суд Гомлі завочна асудзіў на 5 гадоў зьняволеньня.

Юрысты «Вясны» пералічваюць, якія міжнародна прызнаныя прававыя нормы былі парушаныя пры разглядзе справы калегі, і робяць выснову, што практыка завочных працэсаў, якія ўсё часьцей ужываюцца ў Беларусі, парушае міжнародныя абавязаньні краіны ў галіне правоў чалавека.

Спасылаючыся на 14-ы артыкул Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, праваабаронцы «Вясны» нагадалі пра тыя гарантыі, на якія разьлічвае грамадзянін Беларусі пры разглядзе ў судзе выстаўленага яму крымінальнага абвінавачаньня:

  • быць у тэрміновым парадку і падрабязна апавешчаным аб характары і падставе абвінавачаньня;
  • мець магчымасьці для падрыхтоўкі сваёй абароны;
  • мець выбранага ім самім або прызначанага яму абаронцу;
  • мець зносіны з выбраным ім самім абаронцам;
  • мець права на справядлівы і публічны разгляд справы кампэтэнтным, незалежным і бесстароньнім судом, створаным на падставе закону;
  • мець права на тое, каб яго асуджэньне і прысуд былі перагледжаныя вышэйшай судовай інстанцыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу Судаленку завочна прысудзілі 5 гадоў строгага рэжыму. Ён назваў сам вырак злачынствам

Праваабаронцы «Вясны» мяркуюць, што заканадаўства Беларусі не гарантуе рэалізацыі гэтых правоў пры спэцыяльным вядзеньні, гэта значыць падчас сьледзтва супраць асобаў, якія знаходзяцца за мяжой і падчас завочных судоў над такімі асобамі. У якасьці прыкладаў заяўнікі спасылаюцца на справы спэцыяльнага вядзеньня ў дачыненьні Алены Масьлюковай, Ігара Казьмерчака ды іншых праваабаронцаў.

«У прыватнасьці, да гэтага часу ў абвінавачаных няма дакладных зьвестак аб зьмесьце выстаўленых абвінавачаньняў, фармальна прызначаныя органамі сьледзтва абаронцы ім невядомыя або адмаўляюцца кантактаваць для кансультацый і абмеркаваньня прававой пазыцыі. Абвінавачаныя пасьля абвяшчэньня прысуду ня маюць працэсуальнай магчымасьці атрымаць пастанову і азнаёміцца з пратаколам судовага паседжаньня. Гэта перашкаджае складаньню і падачы абгрунтаванай скаргі аб пераглядзе прысуду», — указваюць праваабаронцы «Вясны» і патрабуюць скасаваць прысуд Леаніду Судаленку і спыніць супраць яго ды іншых праваабаронцаў крымінальны перасьлед.

Таксама «Вясна» патрабуе прывесьці антыэкстрэмісцкае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства Беларусі ў адпаведнасьць з міжнароднымі абавязаньнямі краіны ў галіне правоў чалавека:

«Заганнасьць такой практыкі пагаршаецца поўным адмаўленьнем уладамі Беларусі працэсуальных гарантый і асноўных прынцыпаў справядлівага правасудзьдзя пры ажыцьцяўленьні перасьледу ў парадку спэцыяльнага вядзеньня. Гэта надае асуджэньню рысы расправы, якая зьдзяйсьняецца ад імя дзяржавы.

Такая ганебная практыка залучае ў самавольства, якое зьдзяйсьняецца дзяржавай і яе інстытутамі, беларускіх адвакатаў, якія пад пагрозай адвольнага адхіленьня ад прафэсіі, крымінальнага перасьледу за разгалошваньне дадзеных папярэдняга расьсьледаваньня становяцца фактычна саўдзельнікамі беззаконьня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат не адказвае, абвінавачаныя ня ведаюць, за што іх судзяць. Як у Беларусі праходзяць завочныя суды над апанэнтамі Лукашэнкі