У дзяржаўным вытворчым аб’яднаньні «Белэнэрга» паведамілі, што ў выніку прыроднай стыхіі 19 чэрвеня ў Горадзенскай і Менскай абласьцях пацярпелі пяць раёнаў — Зэльвенскі, Ваўкавыскі, Дзятлаўскі, Заслаўскі і Пухавіцкі.
«На 9-ю раніцы 20 чэрвеня энэргетыкі працуюць над аднаўленьнем электразабесьпячэньня 117 населеных пунктаў», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У аднаўленчых работах задзейнічалі больш за 50 брыгад і 59 адзінак спэцыяльнай тэхнікі.
У Белгідрамэтцэнтры паведамілі, што неспрыяльныя ўмовы надвор’я захаваюцца і цягам 20 чэрвеня. Згодна з прагнозам, у шэрагу раёнаў чакаюць узмацненьне паўночна-заходняга ветру парывамі да 15-20 мэтраў на сэкунду і рэзкае пахаладаньне.
У Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі, што на Зэльвенскім вадасховішчы ў Горадзенскай вобласьці загінула 43-гадовая жанчына — яе прыціснула дрэвам.
Папярэдне, загінулая разам з мужам і дзецьмі прыехалі на вадаём адпачыць, а калі пачаўся шквалісты вецер, яны пачалі зьбіраць рэчы. Дзеці схаваліся ў намёт, і ў гэты момант адно з дрэваў упала на жанчыну. Ад атрыманых траўмаў яна памерла на месцы. Яе муж і дзеці не пацярпелі.
Згодна з паведамленьнем Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі, 19 чэрвеня зафіксавалі 73 выпадкі падзеньня дрэваў у Віцебскай, Горадзенскай, Менскай, Магілёўскай абласьцях і ў Менску. У выніку падзеньня дрэў пашкоджаны 5 аўтамабіляў.
У Менску праз моцны дождж падтапіла два ўчасткі дарог, а затрымка грамадзкага транспарту склала больш за гадзіну.