Моцная сьпякота закранула мільёны жыхароў ЗША, у Каліфорніі лясныя пажары

Лясны пажар у Каліфорніі

Дасьледчыкі ўстанавілі, што празь зьмену клімату хвалі сьпякоты распаўсюджваюцца павольней і таму ад іх пакутуе больш людзей.

Моцная сьпёка ахапіла раёны ЗША ад Сярэдняга Захаду да Новай Англіі.
Мільёны людзей адзначылі Дзень вызваленьня нявольнікаў, зьнемагаючы ад гарачыні, у тым ліку на поўначы штату Мэн, дзе такое надворʼе зьяўляецца рэдкасьцю ў гэты час году, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У горадзе Карыбу ў штаце Мэн, толькі за 16 кілямэтраў ад канадзкай мяжы, была зафіксавана рэкордная тэмпэратура ў 39,4 градуса паводле індэксу сьпёкі, які ўлічвае цяпло і вільготнасьць.

Нацыянальная служба надворʼя паведаміла, што ў рэгіёне дзейнічала папярэджаньне аб сьпякоце, і тэмпэратура ў Карыбу (34,4 градуса) была вышэйшая, чым у Маямі (31,6).

Мясцовыя жыхары паведамілі, што звычайна тэмпэратура ў чэрвені вагалася каля 20-30 градусаў, і такая вільготнасьць назіралася рэдка.

Па дадзеных Нацыянальнай службы надворʼя, пік небясьпечных тэмпэратур чакаецца ва ўсходняй частцы Вялікіх азёр і Новай Англіі і ў чацьвер, а ў даліне Агаё і сярэднеатлянтычных штатах у пятніцу і суботу.

Чакаецца, што індэкс сьпякоты ў многіх месцах дасягне 37,7-40,5 градуса.


«Мы назіраем грэбень павышанага ціску, які нясе ўсю гэтую сьпёку з поўдня ЗША», — заявіў мэтэароляг Нацыянальнай службы надворʼя ў Бостане Кайл Пэдэрсан.

Улады гарадоў, дзе на гэтым тыдні былі адкрыты цэнтры ахаладжэньня, паведамілі, што ў сувязі са сьвятам закрытыя публічныя бібліятэкі, цэнтры для пажылых людзей і басэйны, дзе жыхары могуць перачакаць гарачыню.

Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што празь зьмены клімату хвалі сьпякоты распаўсюджваюцца павольней і таму закранаюць больш людзей на працягу больш працяглага часу.

Летась у ЗША была зафіксавана рэкордная з 1936 году колькасьць цеплавых хваль, калі анамальна гарачае надворʼе захоўваецца больш за два дні.

У панядзелак у Чыкага быў пабіты тэмпэратурны рэкорд 1957 году, калі тэмпэратура дасягнула 36,1 градуса, паведаміла Нацыянальная служба надворʼя.

У Каліфорніі лясныя пажары ўспыхнулі на ўсход ад Сан-Францыска ў гістарычным рэгіёне штату «Залатая краіна» і ў гарах на поўначы акругі Лос-Анджэлес пасьля спакойнага пачатку сэзону пажараў.

Тушэньне Лясных пажараў у Каліфоніі


У аўторак у выніку пажараў на поўдні Нью-Мэксыка было пашкоджана 500 будынкаў у горнай вёсцы з насельніцтвам 7 тысяч чалавек, якую эвакуавалі ў тэрміновым парадку.

Пажары ў Каліфорніі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лівень і град паралізавалі рух транспарту ў Менску