Дубавец і Навумчык: За што Васіля Быкава любяць беларусы і ненавідзіць рэжым Лукашэнкі

Васіль Быкаў. Каляж.

100 гадоў таму нарадзіўся Васіль Быкаў, адзін з найбуйнейшых беларускіх пісьменьнікаў XX стагодзьдзя і адна з выбітных постацяў грамадзка-палітычнага жыцьця Беларусі. За што яго цэняць беларусы і за што ненавідзіць рэжым Лукашэнкі?

Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» разважаюць літаратар Сяргей Дубавец і публіцыст Сяргей Навумчык.

Сяргей Дубавец кажа, што з савецкіх пазыцыяў Быкаў быў «няправільным» пісьменьнікам, і нагадвае, што ягоныя кніжкі выходзілі часам зь цяжкім боем з цэнзурай.

Дубавец: Быкаў — ніякі не ваенны пісьменьнік, як яго стараліся прадставіць, каб уключыць такім чынам у абойму правільных савецкіх ваенных пісьменьнікаў, франтавікоў, лейтэнанцкая проза і г.д. Такім чынам яго хацелі ахаваць ад крытыкі, найчасьцей несправядлівай, якой супраць Быкава было вельмі шмат. Што мы ведаем з Быкава пра вайну? Нічога. Напрыклад, у Вячаслава Адамчыка мы будзем чытаць цэлыя раманы, дзе мы спазнаем гэтую вайну. У Быкава яе няма, бо Быкаў не ваенны пісьменьнік. Гэта пісьменьнік экзыстэнцыйнага выбару чалавека, у якіх складаных умовах ён бы ні быў. Ці то вайна, ці то Чарнобыль, ці то Афганістан, ці то прэзыдэнцкая дыктатура. Быкаў піша пра чалавека, толькі, і больш ні пра што. Таму першае, што трэба скарэктаваць пра погляд на Быкава, — гэта выкінуць штамп, што ён ваенны пісьменьнік.

Што дае нам быкаўская проза экзыстэнцыялізму? Паводле Дубаўца, яна засьцерагае ад бяды ў самых розных чалавечых сытуацыях і ад несправядлівасьці сьвету. Гэтая проза дае нам мэханізмы, дзякуючы якім мы лепш спазнаём небясьпекі, якія нас чакаюць у сьвеце, робімся больш разумнымі і больш гатовымі да праяваў несправядлівасьці.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

Апрача пісьменьніцтва, Васіль Быкаў быў адным са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту і да апошніх дзён — крытыкам рэжыму Лукашэнкі. 19 кастрычніка 1988 году Быкаў сілай забраў мікрафон у савецкага ідэоляга Расьціслава Бузука і сам правёў сход.

Навумчык: Для мяне Быкаў важны пароўну: як пісьменьнік, так і грамадзкі дзяяч. Калі я скажу, што я яго адкрываю па-новаму, гэта будзе няпраўда, але там пастаянна натыкаесься на такія глыбіні, якіх раней ты не заўважаў. Гэта вельмі тонкая псыхалягічная проза. Быкаў не адыграў бы той выключнай ролі ў нацыянальным руху, калі б ён ня быў такім выбітным пісьменьнікам, бясспрэчным аўтарытэтам. Быкаў пісаў пра рэпрэсіі ў «Знаку бяды», калі яшчэ ніхто не пісаў пра рэпрэсіі. Калі пачалася «перабудова», у Быкава былі вельмі сьмелыя публікацыі. Ён выступаў за Шагала, таму на момант узьнікненьня «Мартыралёгу Беларусі» ў мяне не было ніякіх сумневаў, што ён будзе падтрымліваць дэмакратыю і перамены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш Быкаў». Сьвятлана Алексіевіч: «Урок Быкава — як зрабіць выбар у бок сьвятла і ніколі не саступіць»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быкаў на Свабодзе. «Беларусь ня зьнікне, калі ня скорыцца чужой сіле»

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.