Пракуратура Гомельскай вобласьці падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачаньне ў крымінальнай справе ў дачыненьні 20-гадовай жыхаркі Гомлю, якой інкрымінавалі забойства малалетняй, што знаходзіцца ў бездапаможным стане. Пра вырак інфармуе БелТА са спасылкай на службу інфармацыі пракуратуры Гомельскай вобласьці.
Трагедыя адбылася ў сярэдзіне сьнежня 2023 году. У адзін зь вечароў маладая мама двойчы стукнула малую рукамі па галаве і твары. Нягледзячы на спробы дзіцяці вырвацца, маці ўтрымлівала на яе твары падушку, чым перакрыла дыхальныя шляхі. Малая памерла на месцы здарэньня ад мэханічнай асфіксіі.
Да гэтага абвінавачаная напісала ў сваім тэлефоне перадсьмяротную цыдулку, дзе пісала пра намер пазбавіць жыцьця сябе і сваю дачку. На судзе яна патлумачыла свае дзеяньні перадузятым стаўленьнем мужа і сьвякрухі да выхаваньня дзіцяці, чысьціні і парадку ў кватэры, растлумачылі ў абласной пракуратуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца камэнтуе спрэчкі пра кару за забойства 3-гадовага хлопчыка і згадвае, як Лукашэнка ўмяшаўся ў справу гомельскага забойцыРаней да крымінальнай адказнасьці маладая маці не прыцягвалася.
З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў судовая калегія ў крымінальных справах Гомельскага абласнога суду вынесла абвінаваўчы прысуд. На падставе п. 2 ч.2 арт.139 КК гамяльчанцы прызначана пакараньне ў выглядзе 19 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апэляцыйным парадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сацыяльна небясьпечнае становішча — за «дармаедзтва» і «экстрэмізм». Былы пэдагог расказвае, як чыноўнікі забіраюць у беларусаў дзяцей