У Менску ліквідуюць аб’яднаньне «Разам», якое садзейнічала беларуска-расейскай інтэграцыі

Людзі з расейскімі і беларускімі сьцягамі ў Менску, Беларусь. Архіўнае фота

Арганізацыя фармальна дзейнічала 25 гадоў.

Менскі гарадзкі суд 19 чэрвеня разглядае пазоў Міністэрства юстыцыі з патрабаваньнем зьліквідаваць грамадзкае аб’яднаньне садзейнічаньня беларуска-расейскай інтэграцыі «Разам».

Працэс вядзе судзьдзя Іна Угнівенка.

Паводле зьвестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР), арганізацыю зарэгістравалі 1 сакавіка 1999 году.

У лютым 2022 году аб’яднаньне «Разам» паведаміла Міністэрству юстыцыі пра намер працягнуць сваю працу. На пачатак таго году ў структуры было 125 сяброў (у Берасьцейскай вобласьці — 25, іншых абласьцях і Менску — 95, у Расеі — 5).

У ліку імпрэз арганізацыі, праведзеных у 2021 годзе, фігуруюць толькі два пасяджэньні праўленьня. Пра тое, чым канкрэтна займаецца аб’яднаньне, інфармацыі ў адкрытым доступе няма.

Намер уладаў зьліквідаваць гэтую арганізацыю зьвяртае на сябе ўвагу ў кантэксьце таго, што 8 сьнежня 2024 году будзе адзначацца 25-годзьдзе падпісаньня Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы.

7 чэрвеня Менскі гарадзкі суд мусіў разгледзець пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускага грамадзкага аб’яднаньня выкладчыкаў расейскай мовы і літаратуры, якое ўзначальвае загадчык катэдры расейскай мовы філфаку БДУ Іван Роўда (у 2002–2021 гадах ён быў дэканам факультэту). Рашэньне невядомае. У АДР арганізацыя пакуль значыцца як дзейная.

За пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца сакавіка 2024-га ў Беларусі зьліквідавалі прынамсі 1601 некамэрцыйную арганізацыю (НКА) — гэта аб’яднаньні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады закрываюць таварыства беларускіх татар «Зікр уль-Кітаб». Чым яно вядомае?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі ліквідуюць арганізацыі дапамогі анкахворым дзецям, жанчынам і бáцькам

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.