У аэрапорце Пхэньяну Кім Чэн Ын асабіста сустрэў Пуціна, пра што сьведчаць здымкі інфармацыйных агенцтваў. Кіраўнікі дзяржаў паціснулі рукі і абняліся. Яшчэ пэўны час яны запрашалі адзін аднаго першым сесьці ў аўтамабіль.
Кіраўнік Паўночнай Карэі заявіў, што адносіны Паўночнай Карэі і Расеі ўвайшлі ў «новы росквіт».
Перад прыбыцьцём Уладзімір Пуцін сказаў, што ён цэніць цьвёрдую падтрымку Паўночнай Карэяй ягоных ваенных дзеяньняў супраць Украіны, гаворыцца ў артыкуле, які зьявіўся ў паўночнакарэйскіх дзяржаўных СМІ 18 чэрвеня. Ён таксама сказаў, што Расея і Паўночная Карэя шчыльна супрацоўнічаюць, каб пераадолець санкцыі ЗША.
Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі абвінавацілі Паўночную Карэю ў пастаўках Расеі зброі, у тым ліку балістычных ракет для выкарыстаньня ва Ўкраіне, у парушэньне рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН. Паўночная Карэя знаходзіцца пад жорсткімі эканамічнымі санкцыямі Рады Бясьпекі ААН за ядзерную зброю і ракетныя праграмы, у той час як Расея змагаецца з санкцыямі ЗША і ЭЗ, уведзенымі за яе вайну ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін упершыню ад 2000 году накіраваўся зь візытам у Паўночную Карэю. Напярэдадні ён падзякаваў Пхэньяну за падтрымку вайны супраць УкраіныПуцін заявіў, што Расея і Паўночная Карэя будуць разьвіваць гандлёвыя і плацежныя сыстэмы, «якія не кантралююцца Захадам», і сумесна выступяць супраць санкцый.
«Мы высока цэнім пасьлядоўную і нязьменную падтрымку вамі расейскай палітыкі, у тым ліку на ўкраінскім кірунку. Маю на ўвазе нашу барацьбу з гегеманісцкай палітыкай, якая навязваецца на працягу дзесяцігодзьдзяў імпэрыялістычнай палітыкай з боку Злучаных Штатаў і іх сатэлітаў у дачыненьні Расеі», — заявіў Пуцін.
У Пхэньяне Пуціна суправаджаюць некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку віцэ-прэм’ер Дзяніс Мантрураў, міністар абароны Андрэй Белавусаў і міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, паведаміў яго дарадца ў замежнай палітыцы Юрый Вушакоў. Падчас візыту будзе падпісаны шэраг дакумэнтаў, у тым ліку, магчыма, пагадненьне аб усебаковым стратэгічным партнэрстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КНДР перадала Расеі 5 мільёнаў снарадаў для артылерыіЗатым Пуцін адправіцца ў Віетнам для перамоваў, якія, як чакаецца, будуць прысьвечаны гандлю. Злучаныя Штаты, якія патрацілі гады на ўмацаваньне сувязяў і паскарэньне гандлю зь Віетнамам, ужо пакрытыкавалі заплянаваны візыт Пуціна.
Што тычыцца візыту ў Паўночную Карэю, то прэс-сакратар Пэнтагону Патрык Райдэр заявіў, што «паглыбленьне супрацоўніцтва паміж Расеяй і Паўночнай Карэяй — гэта тое, што павінна выклікаць заклапочанасьць, асабліва тых, хто зацікаўлены ў захаваньні міру і стабільнасьці на Карэйскім паўвостраве».
«Вядома, вы ведаеце, што Паўночная Карэя забясьпечвае Расею боепрыпасамі і зброяй, якія дапамагаюць ёй працягваць незаконную і несправакаваную вайну супраць украінскага народу», — дадаў амэрыканскі чыноўнік.