Беларуска атрымала шанец выступіць за Польшчу на Алімпійскіх гульнях у Парыжы

Марыя Жодзік, архіўнае фота

Беларуская скакуха ў вышыню Марыя Жодзік, якая раней атрымала польскае грамадзянства, можа выступіць за Польшчу на Алімпійскіх гульнях у Парыжы.

Як адзначае Reform.by, паводле правілаў Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацый (World Athletics), спартовец, які зьмяніў краіну, павінен адбыць трохгадовы карантын. 20 чэрвеня будзе тры гады з таго часу, як Жодзік выступала за Беларусь. З гэтага дня яна здолее выступаць на міжнародных стартах за Польшчу. Жодзік выканала нарматыў для ўдзелу ў Алімпіядзе на чэмпіянаце Польшчы, у якім удзельнічала па-за залікам.

«Гэта праўда — Польскі алімпійскі камітэт атрымаў мэйл, што Марыя Жодзік з 20 чэрвеня можа афіцыйна рэпрэзэнтаваць Польшчу на міжнароднай арэне. Яшчэ чакаем на афіцыйнае пацьверджаньне ад МАК, што яна зможа выступаць у складзе зборнай Польшчы ў Парыжы-2024. Упэўнены, што гэта будзе толькі фармальнасьць», — напісаў кіраўнік Польскага алімпійскага камітэту Радослаў Пясевіч у сацыяльнай сетцы X.

Жодзік трэнуецца ў беластоцкім клюбе Podlasie Białystok. У 2020 годзе яна падпісала адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту.