У Кіеве невядомы напаў на палітычнага ўцекача, журналіста з Казахстану, і цяжка яго параніў

Айдос Садыкаў з жонкай Натальляй і дачкой Шарліз. Архіўнае фота

За апошнія гады ва Ўкраіне адбылося некалькі рэзанансных забойстваў — журналістаў Алеся Бузіны і Паўла Шарамета, колішняга дэпутата Дзяржаўнай Думы Расеі Дзяніса Вараненкава, супрацоўніка галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Максіма Шапавала.

У Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны паведамілі пра збройны напад на сям’ю недалёка ад цэнтру Кіева.

«Папярэдне праваахоўнікі высьветлілі, што да прыпаркаванага на вуліцы аўтамабіля, у якім знаходзіўся мужчына з жонкай, падышоў невядомы і стрэліў у мужчыну, а пасьля ўцёк. Жанчына раненьняў не атрымала», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

На месцы інцыдэнту працуюць сьледча-апэратыўныя групы. Сьледчыя вызначаюць кваліфікацыю злачынства і намагаюцца высьветліць асобу нападніка і яго затрымаць.

Інфармацыйнае агенцтва РБК-Україна паведаміла, што ахвярамі збройнага нападу стаў казахстанскі апазыцыйны журналіст і актывіст Айдос Садыкаў. Ён з жонкай Натальляй — аўтары Youtube-каналу «Бәсе». У 2014 годзе абое выехалі з Казахстану ва Ўкраіну і атрымалі там статус палітычных уцекачоў. Пасьля раненьня Айдос Садыкаў у цяжкім стане.

Пазьней прэсавая служба Кіеўскай гарадзкой пракуратуры паведаміла, што крымінальную справу завялі паводле факту замаху на наўмыснае забойства 56-гадовага журналіста, грамадзяніна Казахстану.

Замах адбыўся ў Шаўчэнкаўскім раёне сталіцы недалёка ад дому, дзе жывуць Садыкавы.

Айдос Садыкаў 18 чэрвеня апублікаваў на сваім Youtube-канале «Бәсе» відэазапіс з назвай «Прэзыдэнт Казахстану стаў марыянэткай расейскіх агентаў уплыву».

У кастрычніку 2023 году ўлады Казахстану абвясьцілі Садыкавых у вышук паводле абвінавачаньня ў «распальваньні варожасьці». У сваіх відэаматэрыялах Садыкавы крытыкавалі ўлады Казахстану, а таксама асьвятлялі судовыя працэсы пасьля студзеньскіх падзей у 2022 годзе, калі ў выніку пратэстаў загінулі ня менш за 238 чалавек, а акцыі змаглі спыніць толькі пасьля ўмяшаньня сілаў АДКБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве заявілі, што раскрылі забойства расейскага дэпутата, да якога датычнае ФСБ


За апошнія гады ва Ўкраіне адбылося некалькі рэзанансных забойстваў — журналістаў Алеся Бузіны і Паўла Шарамета, колішняга дэпутата Дзяржаўнай думы Расеі Дзяніса Вараненкава, супрацоўніка галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Максіма Шапавала. Паўла Шарамета і Максіма Шапавала падарвалі ў аўтамабілях. З гэтых злачынстваў раскрылі толькі забойства Дзяніса Вараненкава.