Сэнатары зьвярнулі ўвагу амэрыканскага пасла ў ААН Лінды Томас-Грынфілд, што з 1946 годау арганізацыя дазваляе бакам, якія не зьяўляюцца яе сябрамі, удзельнічаць у сэсіях і рабоце Генэральнай Асамблеі. Гэтая практыка, на думку парлямэнтароў, «садзейнічае павышэньню аўтарытэту тых, хто верыць у міжнародны парадак, заснаваны на правілах».
«Ад імя больш як 1500 палітычных зьняволеных, якіх аўтарытарны рэжым у Беларусі трымае ў турме, і для таго, каб голас народу Беларусі быў пачуты міжнароднай супольнасьцю, мы пераканаўча просім прадстаўніцтва ЗША пры ААН падтрымаць заяўку беларускага дэмакратычнага руху на атрыманьне статусу пастаяннага назіральніка», — адзначылі аўтары ліста, які цытуе «Позірк».
Яны зьвярнулі ўвагу, што пасьля сфальсыфікаваных выбараў прэзыдэнта 2020 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі «імкнецца абмежаваць свабоду слова, арыштаваць дысыдэнтаў і лідэраў апазыцыі і наладзіць больш цесныя адносіны з Расеяй у сфэры бясьпекі, палітыкі і эканомікі». Улады Беларусі, падкрэсьлілі сэнатары, спрыялі поўнамаштабнаму ўварваньню Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 года, даўшы сваю тэрыторыю для нападу, працягваюць дазваляць Расеі перамяшчаць праз сваю тэрыторыю «ўкраінскіх дзяцей, незаконна разлучаных са сваімі семʼямі».
«Гэтыя погляды і практыка не адпавядаюць імкненьню беларускага народу жыць у мірным, дэмакратычным грамадзтве», — перакананы яны.
Аўтары дакумэнта нагадалі, што ЗША прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую «пераможцай прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі і легітымнай прадстаўніцай беларускага народу»; амэрыканскія ўлады «супрацоўнічаюць з яе офісам і тымі, хто супрацьстаіць аўтарытарызму рэжыму Лукашэнкі, каб падтрымаць сувэрэнную, дэмакратычную будучыню Беларусі».
«Гэтыя абаронцы свабоды заслугоўваюць таго, каб іх пачулі і прызналі ў міжнародных інстытутах, у тым ліку ў ААН, — гаворыцца ў лісьце. — Акрамя таго, падтрымка заяўкі на атрыманьне беларускім дэмакратычным рухам статусу пастаяннага назіральніка ў ААН стане недвухсэнсоўным сыгналам аб тым, што ўлады Беларусі не выканалі свае абавязаньні ў стварэньні мірнага, бясьпечнага, дэмакратычнага і квітнеючага асяродзьдзя для беларускага народу».
Сэнатары адзначылі, што Кангрэс працуе над прыняцьцем Акту аб дэмакратыі, «які пацьвярджае прыхільнасьць ЗША дэмакратычнай Беларусі», але «неабходна зрабіць больш, каб супрацьстаяць наступу рэжыму Лукашэнкі на асноўныя свабоды».
«Улады Беларусі зрабілі крокі, каб расправіцца зь незалежнымі СМІ, забаранілі беларусам, якія жывуць за мяжой, атрымліваць пашпарты і важныя дакумэнты, якія сьведчаць. Удзел беларускага дэмакратычнага руху ў Генэральнай Асамблеі дасьць офісу Сьвятланы Ціханоўскай і дэмакратычнаму руху дадатковыя тэхнічныя рэсурсы для падтрымкі народу Беларусі, які адмаўляе легітымнасьць рэжыму Лукашэнкі», — лічаць аўтары дакумэнту.
«Абазначыўшы беларускі дэмакратычны рух як надзейнага міжнароднага актара ў ААН, сусьветная супольнасьць будзе лепш падрыхтаваная да сумеснай працы ў супрацьстаяньні аўтарытарным рэжымам у Беларусі і па ўсім сьвеце», — падсумавалі Шагін і Ўікер.
Намесьнік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінэта (АПК), прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі падзякаваў сэнатарам за падтрымку і адзначыў, што атрыманьне статусу пастаяннага назіральніка ў ААН стала б для беларускіх дэмакратычных сіл «лягічным разьвіцьцём намаганьняў у інстытуцыяналізацыі адносін з партнэрамі».
Палітык нагадаў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х, што ўжо існуюць кантактная група ў Радзе Эўропы, кансультацыйная група ў Эўрапейскай службе замежных дзеяньняў, стратэгічны дыялёг зь Дзярждэпартамэнтам ЗША, наладжана супрацоўніцтва з Эўрапарлямэнтам, створаны Альянс дэмакратычнай Беларусі зь дзясяткамі парлямэнтаў, спэцпасланьнікі МЗС шэрагу група сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ, разьвіваецца палітычны дыялёг з NATO.
«Гэтыя мэханізмы забясьпечваюць пастаянную прысутнасьць Беларусі ў міжнародным парадку дня, што прыводзіць да практычных рашэньняў і крокаў нашых партнэраў у падтрымку дэмакратычнай, незалежнай, свабоднай Беларусі. Такія шырокія інстытуцыйныя адносіны падкрэсьліваюць, што сувэрэнітэт належыць беларускаму народу, а не дыктатару», — заявіў Кавалеўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кангрэсе ЗША прайшлі слуханьні пра беларускіх палітвязьняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з дарадцам прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Саліванам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас візыту ў ЗША Ціханоўская сустрэлася з дыпляматамі краін G7 і амэрыканскімі сэнатарамі