Трое дывэрсантаў, якія дзейнічалі ў інтарэсах расейскіх службаў, чый арышт у сьнежні быў скасаваны судом, пазьбягаюць адбыцьця пакараньня — даведалася Rzeczpospolita.
У сьнежні 2023 году Люблінскі акруговы суд вынес вырак 14-і з 16 абвінавачаных замежнікаў за ўдзел у падрыхтоўцы дывэрсій і дывэрсійных акцый у Польшчы. Група, дыстанцыйна кіраваная «Андрэем», хутчэй за ўсё супрацоўнікам ФСБ Расеі, сачыла за аэрапортамі, плянавала падрывы цягнікоў і нават забойствы. Гэта была найбуйнейшая ў гісторыі шпіёнская сетка ў Польшчы, а яе раскрыцьцё называлі вялікім посьпехам Агенцтва ўнутранай бясьпекі.
Усе яны — 13 украінцаў, двое беларусаў і адзін расеец — прызналі сваю віну. Падчас суду двое адмовіліся ад пагадненьня з пракуратурай, суд над імі працягнецца.
Траім абвясьцілі мінімальныя прысуды — ад аднаго да паўтара года пазбаўленьня волі. Суд скасаваў ім часовы арышт, пад якім яны знаходзіліся з сакавіка 2023 году. Аказваецца, ніхто зь іх — Артур М., Яраслаў Б. і Марыя Мядзьведзева — да сёньня не сядзеў за кратамі.
Большасьць удзельнікаў расейскай шпіёнскай сеткі цяпер у турмах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы зьбіралася арыштаваць судзьдзю Шмыта за шпіянаж, — Onet.plЯк даведалася Rzeczpospolita, украінец Яраслаў Б. зьнік з радараў службаў — суд вынес яму пастанову адбываць пакараньне ў студзені, а потым нагадаў пра гэта ў красавіку і траўні. Непаўналетняга Артура М. (на момант затрыманьня яму было 16 гадоў) патрабуюць даставіць у папраўчую калёнію.
Зьнікла і беларуска Марыя Мядзьведзева, якая вучылася ў Варшаве — яна хадайнічала аб умоўна-датэрміновым вызваленьні, але не прыйшла ў варшаўскі суд, які павінен быў прыняць рашэньне. Суд прызначыў ёй меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту і накіраваньне ў ізалятар.
Яцэк Дабжыньскі, прэс-сакратар міністра-каардынатара спэцслужбаў, прызнае: 12 асуджаных адбываюць пакараньне ў турмах, 13-га маюць прывезьці ў турму на наступным тыдні. Адзін чалавек са шпіёнскай сеткі фактычна на волі, яго шукаюць.
Некаторыя з асуджаных скончаць адбываць пакараньне ўжо сёлета.
«Мы сочым за іх лёсам. Пасьля адбыцьця пакараньня яны будуць дэпартаваныя з Польшчы», — запэўнівае Дабжыньскі.
Беларуска Марыя Мядзьведзева, якой цяпер 20 гадоў, дазволіла пералічваць грошы на свой рахунак для шпіёнскай сеткі. Яна таксама дапамагала распаўсюджваць улёткі, закліканыя распальваць настроі супраць украінцаў. Да арышту яна вучылася ў Варшаве. Прысуд: год і месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы на чатыры гады зьняволеньня за шпіянаж на карысьць Расеі асудзілі беларусаМаксім Л. і Арцём А. атрымалі самыя высокія прысуды — па 6 гадоў пазбаўленьня волі. Арцёма А. канчаткова асудзілі толькі ў сакавіку гэтага году.
З абвінавачаньня вынікае, што большасьць удзельнікаў шпіёнскай сеткі былі завэрбаваныя ва Ўкраіне — яны прыехалі ў Польшчу як уцекачы. Агулам сярод затрыманых было чацьвёра беларусаў: Марыя Мядзьведзева, Мікалай Маскаленка, Уладзіслаў Пасьміцюха і Міхаіл А.
Паводле зьвестак Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы і люблінскага аддзелу Нацыянальнай пракуратуры, члены сеткі «мелі розныя веды пра сапраўднага заказчыка, але „ўсьведамлялі, што дзейнічаюць у інтарэсах Расеі“». Яны атрымалі плату за свае заданьні: 5 даляраў за расклейваньне ўлёткі, 300–400 даляраў за ўсталяваньне камэры, да 10 000 даляраў за пуск цягніка пад адхон. Плацілі ім крыптавалютамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 2 гадоў турмы. У Польшчы вынесьлі выракі беларусам за шпіянаж на карысьць Расеі