Галоўчанка: ВУП Беларусі ў студзені–траўні вырас на 5,2%

Раман Галоўчанка

За студзень–травень зь пяці асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця «цалкам выкананыя і перавыкананыя чатыры», заявіў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка сёньня падчас дакладу Аляксандру Лукашэнку.

«Валавы ўнутраны прадукт склаўся на ўзроўні 105,2%, інвэстыцыі — на ўзроўні 109,6%, рэальныя даходы насельніцтва (што вельмі важна) — 109,8%, і індэкс спажывецкіх цэнаў у межах прагнозу — 2,8%», — цытуе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» словы прэмʼера з паведамленьня прэсавай службы ўраду.

Лукашэнка ў размове з Галоўчанкам адзначыў адмоўнае сальда ў зьнешнім гандлі. У студзені–траўні яно склала 1 мільярд 271,5 мільёна даляраў.

2 кастрычніка 2023 году Лукашэнка зацьвердзіў прагнозныя парамэтры разьвіцьця краіны на 2024 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парадоксы беларускай эканомікі: адначасова з ростам ВУП растуць даўгі і дэфіцыт замежнага гандлю, — аналіз эканаміста Крука

Згодна з указамі № 307 і 308, прырост ВУП павінен за год скласьці 3,8%, інвэстыцый у асноўны капітал — 3,9%, экспарту тавараў і паслуг — 7,6%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 3,5%, рэальнага заробку — 3,9%.

Намінальная сярэднямесячная зарплата павінна ўзрасьці да 2087 рублёў; інфляцыя не перавысіць 6%.