Прадстаўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Леаніда Судаленку абвінавачвалі па частках 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Справу разглядаў судзьдзя Анатоль Сотнікаў у Гомельскім абласным судзе, даведалася Вясна.
У лістападзе 2021 году Судаленку асудзілі на 3 гады зьняволеньня. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня 2023 году, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі яго ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасьля вызваленьня ён зьехаў зь Беларусі. Неўзабаве супраць яго завялі новую крымінальную справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судаленка пра новую амністыю: «Гэта дэманстрацыя няздольнасьці ўлады да дыялёгу з грамадзтвам»Судаленка пра прысуд: супраць мяне ўчынілі злачынства
Леанід Судаленка пракамэнтаваў Свабодзе завочны вырак, які яму вынес Гомельскі абласны суд.
«Супраць мяне фактычна зьдзейсьнілі злачынства, калі мяне судзілі за зачыненымі дзьвярыма, безь мяне. Парушылі прынцып спаборніцтва бакоў і маё канстытуцыйнае права на абарону, бо я так і ня быў азнаёмлены зь ніводным дакумэнтам у маёй справе і ня змог скантактавацца з адвакатам. Ужо чую з таго боку голас, што Судаленка мусіў прыехаць і ўдзельнічаць сам у працэсе. На гэта адказваю, што пасьля вызваленьня ў 2023 годзе перасьлед працягваўся, і я вымушаны быў выехаць з краіны, фактычна быў дэпартаваны.
І цяпер я адчуваю пагрозу сваім жыцьцю і здароўю. Яшчэ 5 гадоў, якія мне даў суд, я б у калёніі ня вытрымаў. Кажу гэта адказна, бо добра ведаю, якія там умовы».
Праваабаронца дадаў, што зробіць усе магчымыя захады, каб абскардзіць прысуд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат не адказвае, абвінавачаныя ня ведаюць, за што іх судзяць. Як у Беларусі праходзяць завочныя суды над апанэнтамі Лукашэнкі