Краіны NATO пачалі кансультацыі па прывядзеньня ядзернай зброі ў стан баявой гатоўнасьці з-за пагроз з боку Расеі і Кітая, заявіў у інтэрвію выданьню The Telegraph генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг.
Па словах Столтэнбэрга, у цяперашні час краіны-ўдзельніцы NATO вядуць перамовы аб разгортваньні большай колькасьці ядзернай зброі.
«Вядома, мэта NATO — сьвет бязь ядзернай зброі, але пакуль існуе ядзерная зброя, мы застанемся ядзерным альянсам, таму што сьвет, у якім Расея, Кітай і Паўночная Карэя маюць ядзерную зброю, а NATO — не, больш небясьпечны сьвет», — падкрэсьліў ён.
Генэральны сакратар NATO таксама паведаміў, што Кітай, у прыватнасьці, інвэстуе значныя сродкі ў сучасныя ўзбраеньні, у тым ліку ў свой ядзерны арсэнал, які, паводле яго слоў, вырасьце да 1000 боегаловак ужо да 2030 года.
«А гэта азначае, што ў агляднай будучыні NATO можа сутыкнуцца з нечым, з чым ён ніколі раней не сутыкаўся, а менавіта з двума ядзернымі патэнцыяльнымі супернікамі — Кітаем і Расеяй. Вядома, гэта будзе мець наступствы», — сказаў Столтэнбэрг.
У траўні 2024 года Расея заявіла аб правядзеньні сумесных з Беларусьсю вучэньнях нестратэгічных ядзерных сіл, у чэрвені пачаўся другі этап гэтых вучэньняў. У Мінабароны Расеі заявілі, што падчас гэтага этапа вучэньняў будуць адпрацаваны пытаньні сумеснай падрыхтоўкі часьцей узброеных сіл Расеі і Беларусі да баявога прымяненьня нестратэгічнай ядзернай зброі.
Адразу пасьля пачатку вучэньняў у Расеі Мінабароны Беларусі абʼявіла аб правядзеньні «раптоўнай праверкі» носьбітаў тактычнай ядзернай зброі. У гатоўнасьць, паводле зьвестак ведамства, былі прыведзены дывізіён комплексу «Іскандэр» і эскадрыльля самалётаў Су-25.
У кастрычніку 2023 года стратэгічныя ядзерныя сілы Расеі на вучэньнях адпрацавалі масіраваны ядзерны ўдар у адказ на ядзерны ўдар суперніка, вучэньнямі кіраваў Уладзімір Пуцін. Падчас трэніроўкі адбыліся практычныя пускі балістычных і крылатых ракет. Так, з выпрабавальнага касмадрома Плясецк па палігоне «Кура» на Камчатцы вайскоўцы запусьцілі міжкантынэнтальную балістычную ракету «Ярс». З акваторыі Баранцава мора з атамнага ракетнага падводнага крэйсэра стратэгічнага прызначэньня «Тула» была запушчана балістычная ракета «Сінева», а з самалётаў далёкай авіяцыі Ту-95МС выконваліся пускі крылатых ракет паветранага базаваньня.