44-гадовы грамадзянін Беларусі затрыманы ў Нідэрляндах праз падазрэньне ў нанясеньні нажавых раненьняў тром мужчынам, паведамляе «Позірк» са спасылкай на нідэрляндзкі партал rtvoost.nl.
Паводле інфармацыі нідэрляндзкага выданьня, інцыдэнт адбыўся ў горадзе Дэвэнтэр. Адзначаецца, што ў памяшканьні транспартнай кампаніі пачалася бойка, падчас якой адзін з удзельнікаў «схапіў нож і размахваў ім».
Сярод пацярпелых двое іншаземцаў 46 і 38 гадоў, а таксама 43-гадовы мясцовы жыхар. Паведамляецца, што яны атрымалі лёгкія раненьні і былі шпіталізаваныя.
Падазраваны беларус уцёк з месца здарэньня, яго затрымалі ўвечары 16 чэрвеня. Праводзіцца расьсьледаваньне, паліцыя апытала сьведак і прагледзела запісы камэр.