Восем ізраільскіх вайскоўцаў загінулі ў выніку выбуху бронетранспартэра каля гораду Рафах на поўдні сэктару Газа, дзе апошнія тыдні ідуць баі з баевікамі руху ХАМАС. Гэта прызналі ў ЦАХАЛ, інфармацыю пацьвердзіў прэс-сакратар Арміі абароны Ізраілю Даніэль Хагары.
Па словах Хагары, выбух, «верагодна, быў выкліканы выбуховым прыстасаваньнем, усталяваным у гэтым раёне, або супрацьтанкавай ракетай».
Гэта адна з самых буйных стратаў ЦАХАЛ за суткі з пачатку ваеннай апэрацыі ў сэктары Газа 27 кастрычніка. Паводле афіцыйных зьвестак, за гэты час загінулі 306 ізраільскіх вайскоўцаў.
Між тым 15 чэрвеня радыкальны лібанскі шыіцкі рух «Хезбала» зноў абстраляў поўнач Ізраілю ракетамі. Як гаворыцца ў заяве руху, баевікі атакавалі кіраванымі ракетамі базу ізраільскіх ВПС у Мэроне, а з ударных бесьпілётнікаў — іншую ізраільскую вайсковую базу. ЦАХАЛ пацьвердзіў атаку двума снарадамі на ваенны аб’ект у Мероне, дадаўшы, што ахвяр і пашкоджаньняў няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удар па на мірных жыхарах у Рафаху стаў «трагічнай выпадковасьцю», заявіў прэмʼер Ізраіля ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На КПП Рафах адбылася перастрэлка паміж салдатамі Эгіпту і Ізраілю