Карпаратыўны мэсанджар Slack паведаміў расейскім карыстальнікам аб прыпыненьні ўліковых запісаў на працягу 30 дзён. Рашэньне ў кампаніі растлумачылі санкцыямі ЗША, якія ўключаюць забарону на экспарт ІТ-паслуг на тэрыторыі Расеі.
У адпаведнасьці з заканадаўствам, як адзначаюць у кампаніі, празь месяц яны прыпыняць дзеяньне ўліковых запісаў.
Кампанія Salesforce, якой належыць Slack, піша Forbes, у сакавіку 2022 паведаміла, што «пачала спыняць» адносіны з расейскімі кліентамі, не ўдакладніўшы, ці йдзе гаворка аб працы Slack. У тым жа месяцы карыстальнікі з Расеі паведамлялі аб выдаленьні працоўных прастораў у мэсанджары, хоць платная вэрсія Slack была аплачаная на год наперад.
- Нядаўна Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць 300 фізычных асоб і кампаній з Расеі і краін, якія дапамагаюць ёй абыходзіць накладзеныя раней Белым домам абмежаваньні. У прыватнасьці, Мінфін ЗША забараніў экспарт, рээкспарт, продаж або пастаўку наўпрост або ўскосна са Злучаных Штатаў кансалтынгавых паслуг у сфэры ІТ і паслуг па праектаваньні, паслуг ІТ-падтрымкі, воблачных паслуг для праграмнага забесьпячэньня любой асобе, якая знаходзіцца на тэрыторыі Расеі.
- Міністар фінансаў ЗША Джанэт Елен заявіла, што ўведзеныя санкцыі наносяць удар па магчымасьцях атрыманьня камплектуючых і абсталяваньня з-за мяжы, якія засталіся ў Расеі. «Мы павялічваем рызыку для фінансавых установаў, якія займаюцца ваеннай эканомікай Расеі, і ліквідуем шляхі для ўхіленьня ад выплаты падаткаў, а таксама памяншаем магчымасьці Расеі атрымліваць выгаду ад доступу да замежных тэхналёгій, абсталяваньня, праграмнага забесьпячэньня і IT-паслуг», – гаворыцца ў заяве Міністэрства фінансаў ЗША.