Дзяржаўнае агенцтва БелТА расказвае падрабязнасьці.
Што мяняецца
Паводле новых правілаў, выплаты пераводзяць з пошты ў банк. Раней яны былі даступныя да атрыманьня на пошце або дастаўляліся дадому, цяпер іх можна будзе атрымаць толькі ў банку.
Каго гэта закране
Пакуль зьмены датычацца толькі насельніцтва Менску, абласных гарадоў і раённых цэнтраў, прычым далёка ня ўсіх іх жыхароў. У гэтых населеных пунктах праз банк выплаты будуць атрымліваць пэнсіянэры да 70 гадоў, якія не зьяўляюцца інвалідамі І і ІІ групы, атрымальнікі дзіцячых дапамог (за выключэньнем інвалідаў І і ІІ групы, а таксама семʼяў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да 18 гадоў), а таксама дапамог па догляду інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.
Што трэба зрабіць, каб не застацца бяз пэнсіі ў ліпені
Таму, хто яшчэ не перавёў свае пэнсіі і іншыя сацыяльныя выплаты з пошты ў банк, трэба зрабіць гэта да 21 чэрвеня. Для гэтага трэба:
- Прыйсьці ў банк з пашпартам ці іншым дакумэнтам, які сьведчыць асобу і адкрыць там базавы рахунак, да якога можна цалкам бясплатна атрымаць банкаўскую аплатную карту.
- Запоўніць у банку заяву аб пералічэньні сацыяльных выплат у банк; гэты дакумэнт далей накіруюць у орган па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства заяўніка.
Сьпіс банкаў, у якіх можна адкрыць базавы рахунак: Беларусбанк, Прыёрбанк, Белаграпрамбанк, «Сбербанк», Белгазпрамбанк, Белінвестбанк, «Банк Дабрабыт», Белзьнешэканомбанк.
Хто зможа па-ранейшаму атрымліваць выплаты на пошце
Права выбару — па-ранейшаму карыстацца паслугамі пошты, у тым ліку з дастаўкай дадому, або атрымліваць грошы ў банку (у касе або па банкаўскай картцы) застаецца ў
- пэнсіянэраў, старэйшыя за 70 гадоў,
- інвалідаў I і II групы незалежна ад месца жыхарства,
- атрымальнікаў дзіцячых дапамог: інвалідаў I і II групы і семʼяў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў, — незалежна ад месца жыхарства,
- атрымальнікаў дзіцячых дапамог і дапамог па доглядзе, якія жывуць на вёсцы.