У Швайцарыі стартуе Саміт міру па Ўкраіне. Расею на яго не запрасілі

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбыў у аэрапорт Цюрыха напярэдадні «саміту міру» па Ўкраіне, 14 чэрвеня 2024 году

Сусьветныя лідэры зьбіраюцца 15 чэрвеня ў Швайцарыі на саміт, мэтай якога зьяўляецца ціск на Расею, каб яна спыніла вайну ва Ўкраіне.

У «Саміце міру», як чакаецца, возьмуць удзел 92 краінаў і 8 міжурадавых арганізацыяў. 15 чэрвеня саміт адкрые прэзыдэнтка Швайцарыі Віёла Амгерд, паведаміла напярэдадні прэс-служба ўраду Швайцарыі. Саміт прадоўжыцца да другой паловы дня 16 чэрвеня.

Швайцарыя з ініцыятывы Кіева арганізавала гэты міжнародны сход, каб абмеркаваць шляхі супрацьстаяньня расейскай агрэсіі і дасягненьня міру ва Ўкраіне. Мэта саміту — стымуляваньне будучага мірнага працэсу і вызначэньне практычных элемэнтаў і крокаў на шляху да такога працэсу. «Арганізуючы саміт, Швайцарыя дае плятформу для дыскусіі, дзе ўсе прысутныя дзяржавы могуць выказаць свае ідэі і бачаньне справядлівага і працяглага міру ва Ўкраіне», — гаворыцца ў паведамленьні швайцарскага ўраду.

Адзначаецца, што на канфэрэнцыі будуць абмяркоўваць ядзерную бясьпеку, харчовую бясьпеку і гуманітарны аспэкт (вяртаньне ўкраінскіх дзяцей, вывезеных у Расею, абмен ваеннапалоннымі), а таксама наступныя крокі, да якіх будзе прыцягнутая Расея.

На саміце чакаюць прысутнасьці кіраўнікоў Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Японіі, Канады, а таксама шэрагу краін Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн не прыедзе на мерапрыемства — краіну будуць прадстаўляць віцэ-прэзыдэнт Камала Гарыс і дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван.

Масква, якую не запрасілі на гэтую канфэрэнцыю, назвала гэтую сустрэчу беспэрспэктыўнай. Кітай, які мае шчыльныя сувязі з Расеяй, заявіў, што не паедзе на канфэрэнцыю, паколькі яна не адпавядае патрабаваньням Пэкіну, у прыватнасьці што да ўдзелу Расеі. Як паведаміла Reuters са спасылкай на дыпляматаў, Кітай, прапускаючы «Саміт міру», лабіюе ва ўрадах свой альтэрнатыўны мірны плян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыхтуючы Саміт міру, украінскія ўлады зрабілі стаўку на эмацыйную дыпляматыю, — Яўген Магда

Кавалеўскі: «АПК правёў кансультацыі з замежнымі ўрадамі дзеля ўліку інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі падчас саміту»

Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі заявіў, што гэты саміт «павінен стаць практычным крокам у кірунку непасрэднага ўдзелу дэмакратычных сіл Беларусі ў мірным працэсе для Ўкраіны» і што дэмакратычныя сілы працягваюць працу па «ўліку беларускіх інтарэсаў у мірным працэсе».

«Па-першае, мы зыходзім з таго, што дасягненьне ўстойлівага міру, а не часовага рашэньня, магчымае толькі тады, калі Беларусь больш ня будзе месцам, адкуль распачнецца новая агрэсія супраць Украіны. Гэта значыць, што ўсе расейскія вайскоўцы павінны пакінуць нашую тэрыторыю назаўсёды.

Па-другое, дыктатарскі рэжым Лукашэнкі ўжо паказаў, што ўнутраныя рэпрэсіі вядуць да вонкавай агрэсіі. Гэта азначае, што рэгіянальны мір і бясьпека магчымыя толькі тады, калі ўлада ў Беларусі вернецца да народу і краіна будзе кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі, а не абслугоўваць злачынныя авантуры Расеі. Пакуль будзе рэжым, з тэрыторыі Беларусі будуць працягвацца правакацыі супраць суседзяў», — заявіў Кавалеўскі.

Паводле яго, для Аб’яднанага пераходнага кабінэта «было прынцыпова важна дамагчыся таго, каб на саміце прагучала тэма Беларусі як краіны, інтарэсы якой павінны быць улічаныя і забясьпечаныя пры дасягненьні міру», таму за апошнія некалькі месяцаў АПК правёў «шматлікія кансультацыі з замежнымі ўрадамі дзеля ўліку інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі падчас саміту».

***

За дзень да канфэрэнцыі, 14 чэрвеня, расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква спыніць агонь і гатовая пачаць мірныя перамовы, калі Ўкраіна цалкам выведзе войскі з Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей і заявіць аб адмове ўступіць у NATO. Таксама, паводле Пуціна, Захад павінен скасаваць санкцыі супраць Масквы.

У МЗС Украіны заявілі, што «ўсе агучаныя Пуціным ультыматумы ўжо шмат разоў гучалі з Масквы і накіраваныя на тое, каб увесьці ў зман міжнародную супольнасьць». Украінскія дыпляматы адзначылі, што паказальны час абвяшчэньня заявы Пуціна, бо, «закідваючы такія сыгналы ў інфармацыйную прастору напярэдадні саміту міру ў Швайцарыі, Пуцін мае толькі адну мэту: перашкодзіць удзелу лідэраў і краін у гэтым саміце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 90 краін і арганізацый пацьвердзілі ўдзел у Саміце міру, — прэзыдэнтка Швайцарыі