Сырыл Рамафоса пераабраны прэзыдэнтам Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі

Сірыл Рамафоса

Ён супрацоўнічае з рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна і намагаецца весьці актыўную зьнешнюю палітыку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Посьпехі там, дзе не было Лукашэнкі. Як Беларусь гандлюе з Афрыкай

Парлямэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (ПАР) пераабраў Сырыла Рамафосу на пасаду прэзыдэнта краіны пасьля дамоўленасьці паміж кіроўнай і апазыцыйнай партыямі, піша BBC.

Новы ўрад нацыянальнага адзінства сфармавалі кіроўны «Афрыканскі нацыянальны кангрэс» (АНК) Рамафосы, правацэнтрысцкі «Дэмакратычны альянс» і меншыя партыі.

АНК набраў 40% галасоў, а Дэмакратычны альянс заняў другое месца з 22%. Угода паміж гэтымі партыямі гістарычная, бо яны былі супернікамі на працягу дзесяцігодзьдзяў і ніколі ў адну кааліцыю не ўваходзілі. Наступным крокам стане разьмеркаваньне пасадаў у Кабінэце міністраў.

АНК заўсёды атрымліваў больш за 50% з часоў першых дэмакратычных выбараў у краіне ў 1994 годзе, калі перамог Нэльсан Мандэла. Аднак падтрымка партыі значна ўпала з прычыны абурэньня насельніцтва высокім узроўнем хабарніцтва, беспрацоўя і злачыннасьці, іх АНК перамагчы не ўдаецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ПАР праходзіць трохдзённы саміт БРІКС: бяз Пуціна, але з Алейнікам

Сырыл Рамафоса зьмяніў Джэйкаба Зуму на пасадзе прэзыдэнта ў 2018 годзе. Апошнім часам ПАР пад яго кіраўніцтвам вядзе актыўную зьнешнюю палітыку. Краіна правяла саміт БРІКС, на які Рамафоса не запрашаў кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна, каб не паўстала нязручнасьцяў праз ордэр на арышт, выдадзены Міжнародным крымінальным судом. Таму саміт прайшоў пры ўдзеле міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова. Ад Беларусі ў тым саміце ўдзельнічаў кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік.

Улетку 2023 году Рамафоса наведаў Украіну, а потым Расею. Ён прапаноўваў краінам гэтых краінаў свой мірны плян, хацеў дамагчыся перамоваў паміж Масквой і Кіевам, але Ўкраінаі Расея на гэта не пайшлі. Наконт паставак Паўднёвай Афрыкай зброі расейцам Рамафоса заявіў, што «расьсьледаваньне не паказала» такіх апэрацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт ПАР: расьсьледаваньне не даказала паставак зброі ў Расею

Потым Рамафоса зьвяртаўся ў Суд ААН з пазовам супраць Ізраілю, вінавацячы яго ў генацыдзе палестынскіх арабаў.

Разам зь Нігерыяй эканоміка ПАР — найбуйнейшая ў Афрыцы. На гэтым полі вядзе гандаль і рэжым Лукашэнкі. Беларусь мае ў ПАР сваё дыпляматычнае прадстаўніцтва, але маштабы супрацы перабольшваюцца беларускай прапагандай. Насамрэч Беларусь мае прадстаўніцтвы толькі ў чатырох краінах, акрамя ПАР, а афрыканскі рынак за 2022 год склаў у беларускім экспарце ўсяго 0,5% (200 мільёнаў даляраў).