«Ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што ордэр на арышт спадара Гнёта быў матываваны палітычнымі прычынамі і што яму пагражаюць палітычныя рэпрэсіі і жорсткае абыходжаньне, калі яго экстрадуюць у Беларусь», — заявіў Радыё Свабода афіцыйны прадстаўнік ЭЗ Пэтэр Стана.
Эўразьвяз, паводле яго, сочыць за гэтым выпадкам з занепакоенасьцю.
«Мы чакаем, што справу спадара Гнёта старанна разгледзяць у адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам у галіне правоў чалавека і стандартамі ЭЗ, і мы працягваем заклікаць да яго вызваленьня», — гаворыцца ў адказе.
Рэакцыя Брусэля зьявілася празь дзень пасьля таго, як стала вядома, што Вышэйшы суд Бялграду вынес рашэньне аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта ў Беларусь. Адвакаты Гнёта падалі апэляцыю на рашэньне суда, пакуль ён застаецца пад хатнім арыштам.
Амбасада ЗША ў Бялградзе ў пісьмовым адказе Радыё Свабода заявіла, што ўважліва сочыць за гэтай справай.
Асацыяцыя незалежных журналістаў Сэрбіі (NUNS) заклікала вызваліць Гнёта і ануляваць рашэньне аб ягонай экстрадыцыі. У Асацыяцыі лічаць, што абвінавачаньні супраць Гнёта «вельмі сумнеўныя», і ёсьць асьцярогі, што Гнёт зазнае бесчалавечнае абыходжаньне і катаваньні ў турме ў Беларусі.
«Мы таксама зьвяртаемся да міністра юстыцыі Маі Паповіч з просьбай выкарыстаць існыя ў яе законныя магчымасьці і выратаваць журналіста, калі Апэляцыйны суд пацьвердзіць рашэньне аб экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь», — заявілі ў Асацыяцыі незалежных журналістаў Сэрбіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Гнёт пра перасьлед у Сэрбіі: «Мой статус — казус, мая справа — фальшыўка»11 праваабарончых арганізацый заклікалі Сэрбію не экстрадаваць Андрэя Гнёта
У сумеснай заяве 11 праваабарончых арганізацый заклікалі Сэрбію не экстрадаваць Андрэя Гнёта ў Беларусь. Заява апублікаваная 14 чэрвеня на сайце Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH).
Паводле праваабаронцаў, у Беларусі Гнёта могуць чакаць «катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня», бо ў краіне фіксуюцца «грубыя парушэньні правоў чалавека, многія зь якіх можна прыраўняць да злачынстваў супраць чалавечнасьці».
«У дадатак да грубых і сыстэматычных парушэньняў права на справядлівы суд, якія прыводзяць да палітычна матываваных працэсаў, адсутнасьці доступу да незалежных адвакатаў і несувымерных прысудаў, палітвязьні ў Беларусі сутыкаюцца з катаваньнямі і жорсткім абыходжаньнем у беларускіх месцах утрыманьня пад вартай, якія сумна вядомыя сваімі жорсткімі ўмовамі», — гаворыцца ў заяве.
Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што парушэньні правоў чалавека ў Беларусі «задакумэнтаваныя шматлікімі праваабарончымі арганізацыямі», а таксама спэцдакладчыкам ААН.
У адпаведнасьці з артыкулам 3 Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека, заяўляюць праваабаронцы, дзяржавы ня могуць экстрадаваць чалавека ў краіну, дзе ён можа сутыкнуцца з «катаваньнямі або іншым формамі жорсткага абыходжаньня», і Сэрбія абавязаная выконваць міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, бо зьяўляецца дзяржавай — удзельніцай ЭКПЧ.
Заяву падпісалі беларускія, замежныя і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі:
- беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна»,
- Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава,
- «Эўрапейскі абмен» (Нямеччына),
- Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI),
- Італьянская фэдэрацыя па правах чалавека (FIDU),
- Міжнародны фонд «Дом правоў чалавека» (HRHF),
- Libereco (Нямеччына, Швайцарыя),
- Нарвэскі Хэльсынкскі камітэт,
- «Усходняя група За дэмакратыю і правы чалавека» (Östgruppen, Швэцыя),
- «Людзі ў бядзе» (People in Need, Чэхія),
- «Паважаць-Абараняць-Забясьпечваць » (Respect-Protect-Fulfill, беларуская праваабарончая арганізацыя, якая базуецца ў Літве).
Перасьлед Андрэя Гнёта
- Андрэя Гнёта арыштавалі ўлады Сэрбіі, калі ён прызямліўся ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 году, на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі. З таго часу ён быў у Бялградзе пад вартай.
- Гнёт ня ведаў, што на яго выпісаны ордэр, у Сэрбію ён прыехаў на працу. Ён жыў у Тайляндзе, куды ўцёк пасьля ўдзелу ў пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
- У Беларусі Андрэя Гнёта вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Сам Гнёт гэта адмаўляе, лічачы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі перасьледуе яго за палітычную дзейнасьць.
- У сьнежні 2023 году суд першай інстанцыі ў Сэрбіі ўхваліў дэпартацыю Гнёта ў Беларусь, але 12 сакавіка 2024 году Апэляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэньне і адправіў справу на перагляд.
- У канцы лютага Інтэрпол заблякаваў зьвесткі Гнёта, пачаўшы праверку падставаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясьцілі яго ў вышук.
- Пазасудовая калегія ў Бялградзе падчас паседжаньняў 26 сакавіка і 1 красавіка разгледзела справу аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта. Яго пакінулі пад вартай да вынясеньня рашэньня суду.
- Калі Андрэй Гнёт быў пад вартай у цэнтральнай турме ў Бялградзе стан ягонага здароўя значна пагоршыўся. У лісьце ад 11 траўня 2024 году Гнёт пісаў, што ягоная левая ступня часткова паралізаваная з красавіка і ён не атрымлівае належнай мэдычнай дапамогі.
- 6 чэрвеня яго перавялі пад хатні арышт да вынясеньня рашэньня суду.
- 13 чэрвеня стала вядома, што Вышэйшы суд Бялграда пастанавіў экстрадаваць Андрэя Гнёта ў Беларусь. Паводле суду, Гнёт не сутыкаўся з нэгатыўнымі наступствамі ад сваёй палітычнай дзейнасьці, а праблемы ўзьніклі ў ягоных сяброў, і «яго меркаваньне наконт таго, што ён у будучыні зазнае перасьлед у Беларусі ў выпадку ягонай экстрадыцыі, грунтуецца толькі на гіпотэзе, якая не падмацаваная ніякім асабістым досьведам».
- Адвакаты Гнёта падалі апэляцыю на рашэньне суда, пакуль ён застаецца пад хатнім арыштам.
- Рэжысэр Андрэй Гнёт — адзін з стваральнікаў Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў SOS BY.