Па словах кіраўніка абароннага ведамства Паўднёвай Карэі, Сэул зафіксаваў прынамсі 10 тысяч грузавых кантэйнэраў, якія былі адпраўленыя з КНДР у Расею. У іх маглі знаходзіцца артылерыйскія снарады і балістычныя ракеты. Шын Вон Сік сьцьвярджае, што ў адказ Масква магла перадаць Пхэньяну тэхналёгіі для разгортваньня спадарожнікаў-шпіёнаў, а таксама танкі і самалёты.
«Чакаецца, што Пуцін будзе імкнуцца да больш шчыльнага супрацоўніцтва з Паўночнай Карэяй у сфэры бясьпекі, асабліва ў галіне вайсковых паставак, такіх як пастаўкі артылерыйскіх снарадаў, якія неабходныя, каб скарыстацца шанцам на перамогу», — цытуе Bloomberg словы кіраўніка абароннага ведамства Паўднёвай Карэі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз паставіць Украіне 1 мільён снарадаў у наступныя 12 месяцаўРаней расейскае выданьне «Ведомости» са спасылкай на дыпляматычную крыніцу паведамляла, што прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін у бліжэйшыя тыдні зробіць візыты ў КНДР і Віетнам.
- У лютым амэрыканскія расьсьледнікі, прааналізаваўшы сотні спадарожнікавых здымкаў партоў і чыгуначных станцый рэгіёну, высьветлілі, што са жніўня 2023 году КНДР магла паставіць Расеі больш за 2,5 мільёна боепрыпасаў.
- Генпракуратура Ўкраіны ўжо зафіксавала выкарыстаньне Расеяй паўночнакарэйскіх ракет пры абстрэлах украінскіх тэрыторый. У парушэньні забароны на вайсковае супрацоўніцтва з КНДР Расею абвінавацілі таксама сем чальцоў Рады Бясьпекі ААН.
- Газэта The New York Times паведаміла, што Расея ў абмен на боепрыпасы дазволіла КНДР атрымаць доступ да сусьветнай фінансавай сыстэмы, а таксама разблякавала частку паўночнакарэйскіх актываў, якія падпалі пад санкцыі ААН.