Уварваньне Расеі ва Ўкраіну нанесла шкоду клімату на $32 мільярды

Выпаленае поле ва Ўкраіне, жнівень 2022 году

Два гады поўнамаштабнай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне нанесьлі клімату плянэты шкоду на 32 мільярды даляраў. Пра гэта гаворыцца ў дасьледаваньні Ініцыятывы па ўліку выкідаў парніковых газаў падчас вайны.

Выкіды з прычыны вайны склалі 175 мільёнаў тон эквіваленту вуглякіслага газу (CO2e), у тым ліку мэтану і самага магутнага парніковага газу — фтарыду серы. Гэта больш, чым усе выкіды Нідэрляндаў за год, або выпуск на дарогі 90 мільёнаў новых аўтамабіляў на бэнзіне, або пабудова 260 вугальных электрастанцый.

За траціну выкідаў у выніку расейскай агрэсіі адказная непасрэдна ваенная дзейнасьць: выкарыстаньне і вытворчасьць боепрыпасаў, будаўніцтва ахоўных збудаваньняў на лініі фронту і спальваньне паліва вайсковай тэхнікай. Апошняе прывяло да выкідаў 35,2 мільёна тон CO2e Расеяй і 9,4 мільёна тон — Украінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Укренерго»: Расея за паўгода выпусьціла па энэргааб’ектах Украіны 1200 ракет і дронаў

Яшчэ адна траціна выкідаў прыпадае на патэнцыйнае аднаўленьне разбураных дамоў, мастоў, заводаў і іншых збудаваньняў ва Ўкраіне: на гэта спатрэбіцца вялікая колькасьць сталі і бэтону. Пры гэтым, адзначае брытанская газэта The Guardian, выніковыя выкіды ў гэтай катэгорыі будуць залежаць ад таго, будуць выкарыстоўвацца пры будаўніцтве «зялёныя» матэрыялы і тэхналёгіі ці не.

Апошняя траціна выкідаў выкліканая пажарамі, ударамі па энэргетычнай інфраструктуры, падаўжэньнем авіямаршрутаў і вымушанай міграцыяй украінцаў і расейцаў. Толькі падрыў «Паўночнага патоку — 2» прывёў да выкіду 14,6 мільёна тон CO2e, адзначаецца ў дасьледаваньні. Ад пажараў па абодва бакі лініі фронту пацярпела больш за 1,2 мільёна гектараў лясоў, ральлі і забудоваў — гэта прывяло да выкіду амаль 20 мільёнаў тон CO2e.

Генасамблея ААН заклікала спагнаць рэпарацыі з Расеі яшчэ ў лістападзе 2022 году. У красавіку 2024 году адкрыўся Рэестар шкоды, нанесенай агрэсіяй Расеі супраць Украіны, у якім ёсьць пункт аб экалягічнай шкодзе.