Паводле яго слоў, калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, Расея спыніць агонь.
Умовамі магчымай мірнай дамовы ён назваў міжнароднае прызнаньне анэксіі Расеяй Крыму і чатырох абласьцей Украіны, а таксама нэўтральны і бязьядзерны статус Украіны. У працэсе мірнага ўрэгуляваньня краіны Захаду, на думку прэзыдэнта РФ, павінны адмяніць усе санкцыі, уведзеныя супраць Масквы.
Дарадца Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк адрэагаваў на прапановы па ўрэгуляваньні канфлікту, якія агучыў Уладзімір Пуцін.
«Ніякіх новых „мірных прапаноў“ ад Расіі не паступала. Суб’ект Пуцін агучыў толькі „стандартны набор агрэсара“, які ўжо неаднаразова гучаў.
Ягоны зьмест даволі спэцыфічны, у вышэйшай ступені абразьлівы для міжнароднага права і абсалютна красамоўна гаворыць пра няздольнасьць цяперашняга расійскага кіраўніцтва адэкватна ацэньваць рэаліі», — адзначыў Падаляк у сетцы X.
Прапановы Пуціна ў офісе Ўладзіміра Зяленскага бачаць так:
«1. Аддайце нам свае тэрыторыі.
2. Адмоўцеся ад свайго сувэрэнітэту і сваёй субʼектнасьці.
3. Пакіньце сябе без абароны (ніякага сяброўства ў альянсах).
4. Здыміце (разам з краінамі Захаду) усе санкцыі цалкам і неадкладна, каб мы маглі напоўніць нашу ваенізаваную эканоміку і рабіць больш інвэстыцый у інфармацыйныя правакацыі па ўсім сьвеце.
Самае галоўнае — пятае — давайце тэрмінова выпраўляць „не / правал Расеі“ за кошт Украіны».
Паводле Падаляка, у гэтых прапановах няма жаданьня скончыць вайну, але ёсьць жаданьне не плаціць за яе самастойна і весьці яе ў новых фарматах.
«Гэта ўсё поўны падман. Таму — яшчэ раз — пазбаўцеся ад ілюзій і перастаньце ўспрымаць сурʼёзна абразьлівыя для здаровага розуму „прапановы Расеі“», — рэзюмаваў Падаляк.
Ёсьць таксама рэакцыя NATO. Генэральны сакратар альянса Енс Столтэнбэрг у пятніцу адкінуў умовы, высунутыя Пуціным для пачатку мірных перамоваў аб Украіне, назваўшы іх прапановай «большай агрэсіі, большай акупацыі».
«Гэта не прапанова, зробленая добрасумленна», — сказаў Столтэнбэрг журналістам па выніках сустрэчы міністраў абароны NATO ў Брусэлі.
«Гэта прапанова, якая фактычна азначае, што Расея павінна дасягнуць сваіх ваенных мэтаў, чакаючы, што ўкраінцы павінны адмовіцца ад значна большай тэрыторыі, чым Расея змагла заняць да гэтага часу».
Заявы Пуціна прагучалі напярэдадні Ўкраінскага мірнага саміту ў Швайцарыі, у якім возьмуць удзел 90 дзяржаў і арганізацый.
Канфэрэнцыя мае на мэце прыцягнуць падтрымку для «формулы міру» прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
Паведамлялася, што на саміце разгледзяць тры пункты гэтае формулы: ядзерную бясьпеку, харчовую бясьпеку і гуманітарны кірунак.
Масква, якую на гэтую канфэрэнцыю не запрасілі, заявіла, што мірныя перамовы ва Ўкраіне ня будуць мець сэнсу без удзелу Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 90 краін і арганізацый пацьвердзілі ўдзел у Саміце міру, — прэзыдэнтка Швайцарыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыхтуючы Саміт міру, украінскія ўлады зрабілі стаўку на эмацыйную дыпляматыю, — Яўген Магда ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Кітай ня будзе ўдзельнічаць у «саміце міру» па ЎкраінеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.