Былому кіраўніку салігорскага футбольнага клюбу «Шахтар» (Менская вобласьць) і «ягонаму хаўрусніку — 32-гадоваму іншаземцу» выставілі абвінавачаньні паводле ч. 4 арт. 210 КК («Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры»), паведаміў 14 чэрвеня афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Аляксандар Сухадольскі, піша «Позірк».
«Сьледчыя ўстанавілі, што ў чэрвені 2021 году ў футбольны клюб „Шахтар“ з эўрапейскіх футбольных клюбаў перайшоў шэраг спартоўцаў, — адзначыў ён у відэакамэнтары, апублікаваным прэс-службай СК. — Выкарыстоўваючы зьвесткі аб названых трансфэрах... абвінавачаныя ў жніўні 2021 году склалі і падпісалі дамовы, якія зьмяшчаюць заведама недакладныя зьвесткі аб аказаньні агенцкіх паслуг у забесьпячэньні пераходу футбалістаў у гэты клюб».
На падставе гэтых фіктыўных дамоваў, па словах Сухадольскага, на рахунак аднаго з абвінавачаных «Шахтар» пералічыў больш за 200 тыс. рублёў (на той момант каля 80 тыс. даляраў).
Матэрыялы справы перадалі пракурору для накіраваньня ў суд, паведаміў прадстаўнік СК.
У ліпені 2023 года былога намесьніка дырэктара ў спартовых пытаньнях і трэнэра ФК «Шахтар» Уладзімера Нідэргаўса аштрафавалі на 5 тыс. базавых велічынь (тады — 185 тыс. рублёў) у рамках крымінальнай справы аб дамоўленых матчах. Мужчына быў прызнаны вінаватым паводле ч. 1 арт. 14, ч. 1 і 2 арт. 253 КК («Спроба подкупу ўдзельнікаў і арганізатараў спартовых спаборніцтваў або відовішчных камэрцыйных конкурсаў»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пакажуць футбольнае Эўра-2024