Краіны папярэдзілі Кішынёў аб тым, што Расея рыхтуецца да падрыўной дзейнасьці супраць дэмакратычных інстытутаў і ўмяшаньня ў працэс выбараў прэзыдэнта Малдовы ўвосень 2024 году.
«Расея мае намер распаліць пратэсты ў Малдове, калі не пераможа прарасейскі кандыдат. Яны імкнуцца распаліць нэгатыўнае ўспрыманьне грамадзтвам заходніх урадаў і дзейнага кіраўніцтва Малдовы, прыніжаючы пры гэтым давер грамадзтва да здольнасьці Малдовы забясьпечваць сваю бясьпеку і падтрымліваць вяршэнства закону», — адзначаецца ў заяве.
Паводле ўрадаў ЗША, Канады і Вялікай Брытаніі, Расея ўжо цяпер падтрымлівае некаторых кандыдатаў у Малдове, і рыхтуе спэцыяльныя «інфармацыйныя апэрацыі».
«Частка гэтых апэрацый будзе ўключаць распаўсюджваньне хлусьні аб намерах дзейнага прэзыдэнта, а таксама аб меркаваных парушэньнях на выбарах. Калі ўмяшаньне Расеі ў выбары ў Малдове акажацца беспасьпяховым, ёсьць падставы меркаваць, што Масква будзе працаваць, каб распаліць пратэсты», — перакананыя замежныя партнэры Малдовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Малдовы патрабуюць ад Расеі вывесьці свае войскі з ПрыднястроўяУ заяве адзначаецца, што ўсю атрыманую інфармацыю аб намерах Крамля перадалі ўладам Малдовы, каб яны маглі правесьці далейшае расьсьледаваньне, перашкодзіць і сарваць пляны Расеі.
«Мы будзем працягваць цеснае супрацоўніцтва з урадам Малдовы ў гэтым пляне. Мы таксама будзем працягваць спрыяць прыцягненьню да адказнасьці тых, хто ўдзельнічае ў схемах таемнага фінансаваньня Крамлём палітычнай дзейнасьці ў Малдове. І мы ўвялі санкцыі — і будзем працягваць прымаць меры супраць тых асоб і арганізацый, якія спрабуюць дэстабілізаваць дэмакратычныя інстытуты Малдовы».
Урады ЗША, Канады і Вялікай Брытаніі заклікалі Крэмль адмовіцца спробаў падарваць дэмакратычныя інстытуты ў Малдове.
«Раскрываючы намеры Крамля, мы даём зразумець Маскве, што мы выступаем за свабодныя і справядлівыя выбары і не пацярпім яе спробаў умяшацца і падарваць дэмакратычныя працэсы. Мы заклікаем Крэмль адмовіцца ад гэтых намаганьняў па падрыве дэмакратыі ў Малдове і паважаць яе сувэрэнітэт і вынікі свабодных, справядлівых і незалежных выбараў», — адзначаецца ў супольнай заяве.
Прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў Малдове 20 кастрычніка разам з рэфэрэндумам аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік выведкі Малдовы заявіў, што Расея плянуе дэстабілізацыю ў краінеУ пачатку сакавіка кіраўнік Службы бясьпекі і выведкі Малдовы Александру Мусьцяцэ папярэдзіў, што Расея зьбіраецца ўмешвацца ў выбары і сабатаваць працэс уступленьня Малдовы ў Эўразьвяз.