Прэзыдэнты ЗША і Ўкраіны Джо Байдэн і Ўладзімір Зяленскі падпісалі ў Італіі ў рамках саміту G7 10-гадовую двухбаковую дамову пра бясьпеку для ўзмацненьня абаронных магчымасьцяў Украіны.
Падпісаная дамова павінна стаць крокам на шляху да будучага сяброўства Ўкраіны ў NATO і пацьвярджае падтрымку ЗША ў абароне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці.
«Для гарантаваньня бясьпекі Ўкраіны абодва бакі прызнаюць, што Ўкраіна патрабуе значнай вайсковай сілы, моцнага патэнцыялу і сталых інвэстыцый у сваю абаронна-прамысловую базу, якія б адпавядалі стандартам Паўночнаатлянтычнага альянсу», — працытавала дакумэнт агенцтва Reuters.
Дамова замацавала намер ЗША надаваць доўгатэрміновую матэрыяльную, навучальную, тэхнічную, выведную, абаронна-прамысловую, інстытуцыйную і іншую падтрымку для «разьвіцьця ўкраінскіх сіл бясьпекі і абароны, здольных абараніць сувэрэнную, незалежную, дэмакратычную Ўкраіну і стрымаць будучую агрэсію»
У выпадку ўзброенага нападу на Ўкраіну або пагрозы такога нападу амэрыканскія і ўкраінскія адказныя асобы, згодна з дамовай, павінны правесьці сустрэчу цягам 24 гадзі, каб пракансультавацца і вызначыць, якую дадатковую абаронную дапамогу патрабуе Ўкраіна.
Як сказаў пасьля падпісаньня дамовы Джо Байдэн, ЗША дапамогуць Украіне ўзмацніць надзейную абарону «не адпраўкай вайскоўцаў, а перадачай зброі і боепрыпасаў, расшырэньнем абмену выведнымі зьвесткамі, далейшым навучаньнем сьмелых украінскіх вайскоўцаў у ЗША і Эўропе, павялічэньнем сумяшчальнасьці нашых войскаў і інвэстыцыямі ва ўкраінскую абаронную прамысловасьць».
Уладзімір Зяленскі заявіў, што дакумэнт утрымлівае «юрыдычна абавязковую частку», што замацоўвае надзейнасьць амэрыканскай падтрымкі.
«Дамова ўтрымлівае добрыя палажэньні наконт зброі для нашай абароны, вельмі канкрэтна — наконт сыстэм Patriot, вельмі канкрэтна — аб пастаўках эскадронаў зьнішчальнікаў, у прыватнасьці, F-16. Мы доўга для гэтага працавалі», — заявіў прэзыдэнт Украіны пасьля падпісаньня дамовы з Джо Байдэнам.
ЗША сталі 16-й краінай, зь якой Украіна падпісала двухбаковую дамову пра бясьпеку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ узгадніў праект аб гарантыях бясьпекі для Украіны. Пагадзіліся ня ўсе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Wall Street Journal: гарантыі бясьпекі для Кіева могуць аформіць у 2024 годзе