Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ) пастанавіў, што рашэньне ўраду Азэрбайджану заблякаваць сайт азэрбайджанскай службы Радыё Свабоды парушае права на свабоду выказваньня думак, прадугледжанае артыкулам 10 Канвэнцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод.
Як адзначаецца ў рашэньні суда, урад Азэрбайджану мусіць выплаціць кожнаму заяўніку па 6 тысяч эўра ў якасьці кампэнсацыі страт і іншых выдаткаў.
Сайт азэрбайджанскай службы Радыё Свабода заблякавалі 12 чэрвеня 2017 году на падставе рашэньня суда. Перад гэтым пастанову аб блякаваньні ўхваліў урад краіны. Улады заявілі, што на сайце быў разьмешчаны кантэнт, які «прапагандуе гвалт і рэлігійны экстрэмізм, а таксама заклікае, сярод іншага, да масавых беспарадкаў».
Тэлеканал «Настоящее время» нагадаў, што ўлады Азэрбайджану пачалі прымаць захады супраць азэрбайджанскай службы Радыё Свабода пасьля публікацыі матэрыялаў расьсьледаваньня незаконных фінансавых апэрацый, зьвязаных з сям’ёй прэзыдэнта Ільхама Аліева і ягоным атачэньнем. Менавіта з Радыё Свабода супрацоўнічала журналістка Хадзіджа Ісмаіл, якую асудзілі на турэмны тэрмін пасьля публікацыі матэрыялаў расьсьледаваньня афшораў, зьвязаных з сям’ёй Аліева.
Да пазову супраць уладаў Азэрбайджану далучыліся газэта «Азадлыг» і тэлеканалы «Мейдан ТВ», «Туран ТВ» і «Азербайджан сааты». Іх абвінавачвалі ў публікацыі «ілжывай і паклёпніцкай інфармацыі». Заяўнікі сьцьвярджалі, што асноўнай прычынай блякаваньня сайтаў была крытыка ўраду і паведамленьні пра карупцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд правоў чалавека заявіў, што расейскамоўных дзяцей у прыватных школах Латвіі не дыскрымінуюць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым падобныя і чым розныя Лукашэнка і Аліеў?