Полк імя Кастуся Каліноўскага паведаміў, што 9 чэрвеня на харкаўскім кірунку на міне падарваліся два беларускія добраахвотнікі.
«Трагедыя здарылася па дарозе на пазыцыі, дзе яны павінны былі забраць адзін з баявых разьлікаў пасьля заканчэньня задачы, але патрапілі на міну. Атрыманыя траўмы аказаліся несумяшчальныя з жыцьцём», — адзначаецца ў паведамленьні, распаўсюджаным праз тэлеграм-канал.
У палку ўдакладнілі, што целы загінулых, імёны якіх не называюць у мэтах бясьпекі іхных сваякоў і сяброў у Беларусі, у тую ж ноч эвакуавалі зь месца трагедыі пры дапамозе сумежных падразьдзелаў Узброеных сіл Украіны.
«Параненых няма. Разьвітаньне з ваярамі будзе арганізавана службай ваярскай дапамогі палку імя Каліноўскага», — дадалі ў палку Каліноўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля 400 беларусаў дадалі ў расейскую базу вышуку за апошнія 3 месяцы. Сярод іх добраахвотнікі і былыя палітвязьніГрамадзяне Беларусі ваююць на баку Ўкраіны ў розных падразьдзелах Узброеных сіл Украіны. Дакладная колькасьць загінулых невядомая.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з 2014 году ва Ўкраіне загінулі 63 беларусы, якія ваявалі разам з украінцамі супраць расейскай агрэсіі. Як мінімум два беларускія добраахвотнікі цяпер у расейскім палоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўнае будзе расказана і паказана пасьля перамогі». Выйшла першая друкаваная гісторыя палка імя Каліноўскага