На шумілінскага ксяндза Юхневіча склалі пратакол за «экстрэмізм»

Сьвятары Анджэй Юхневіч (зьлева) і Павал Лемех

Стала вядома, што старшыню каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасьцяў у Беларусі, каталіцкага сьвятара Анджэя Юхневіча з Шуміліна таксама судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Па гэта даведалася «Хрысьціянская візія».

Анджэй Юхневіч правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня ўжо больш за месяц. На гэты момант вернікам дасюль невядома, ці вызвалілі яго пасьля адбыцьця прызначаных яму арыштаў.

Раней стала вядома, што ксяндза абвінавацілі ў разьмяшчэньні ў Фэйсбуку сваіх фатаздымкаў з выявамі бел-чырвона-белага сьцяга і сьцяга Ўкраіны. Гэта стала падставай для прыцягненьня клірыка да адміністрацыйнай адказнасьці паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП («парушэньне ўстаноўленага парадку правядзеньня пікетаваньня»).

13 чэрвеня ў Віцебскім абласным судзе разглядалі абскарджаньне ягоных арыштаў. Як даведалася «Хрысьціянская візія», у раскладзе судоў апроч арт. 24.23 КаАП указаны і артыкул 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятар з Шуміліна выйшаў на волю пасьля арышту
  • Айцец Анджэй Юхневіч — старшыня каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасьцяў Беларусі. Гэта касьцельны орган, які займаецца супрацоўніцтвам паміж манаскімі ордэнамі.
  • Міліцыя затрымала айца Анджэя Юхневіча і айца Паўла Лемеха з ордэну місіянэраў-аблятаў Беззаганнай Марыі, якія служаць у дыяцэзіянальным санктуарыі ў Шуміліне, 8 траўня. Затрыманьне адбылося за нібыта падрыўную дзейнасьць супраць беларускай дзяржавы.
  • Суд над затрыманымі ў Віцебскай вобласьці сьвятарамі адбыўся 10 траўня дыстанцыйна. Затрыманых у суд не прывозілі, іх адміністрацыйную справу разглядалі праз Skype. Анджэя Юхневіча арыштавалі на 15 дзён, Паўла Лемеха — на 10. Айцец Павал Лемех пасьля адбыцьця пакараньня выйшаў на волю.
  • Згодна з маніторынгам ініцыятывы «Хрысьціянская візія», з 2020 году перасьлед зазналі ня менш як 26 прадстаўнікоў рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.