Як пісала італьянскае інфармагенцтва ANSA, 48-гадовы інжынэр Андрэа Пальтрыньеры ўначы прыехаў у паліцэйскі ўчастак зь целам сваёй забітай жонкі 40-гадовай Ганны Сьвірыдзенкі ў машыне і сказаў пра гэта паліцыянтам. Яны знайшлі ў багажніку труп жанчыны. Як выявіла судова-мэдычная экспэртыза, на галаве жанчыны быў поліэтыленавы пакет, завязаны вакол шыі электрычным провадам. Пад пакетам, як выявілася, шыя жанчыны была сьцягнутая рамянём.
Мужчыну арыштавалі па падазрэньні ў наўмысным забойстве пры абцяжарваючых абставінах.
Першапачаткова італьянскія СМІ пісалі, што загінулая была «італьянкай расейскага паходжаньня», але, як пазьней высьветлілася, Ганна Сьвірыдзенка была беларускай, паведаміла Народная амбасада Беларусі ў Італіі.
«Ганна — грамадзянка Італіі зь беларускімі каранямі. Яна была доктарам і мела дзьве адукацыі, працавала ў аўстрыйскай клініцы ў Інсбруку, была дасьледчыцай і публіцысткай і заканчвала спэцыялізацыю па радыялёгіі ў Модэне. Жанчына рабіла ўсё магчымае, каб сумяшчаць працу і выхаваньне дзяцей, якія былі зь ёю тры тыдні ў месяц», — паведамілі ў Народнай амбасадзе.
Перад трагедыяй яна якраз вярнулася з Аўстрыі па дзяцей, каб разам зь імі паехаць на адпачынак. Матывам забойства, паводле папярэдняй вэрсіі, стала жаданьне маці аформіць поўную апеку над дзецьмі — у пары двое дзяцей, ім 2 і 3 гады.
«Зараз бацькі Ганны намагаюцца прыехаць у Італію. Забойца знаходзіцца пад арыштам, дзеці — у родных з боку бацькі», — паведамілі ў Народнай амбасадзе Беларусі ў Італіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яе звалі Ліза». У Варшаве пройдзе марш у памяць пра беларуску, якая памерла пасьля згвалтаваньня. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2023 годзе ў Беларусі ў суды паступіла больш за 60 тысяч спраў аб пабоях у сям’і