Міністар абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас заявіў, што на мяжы зь Беларусьсю будуць пабудаваныя абарончыя ўмацаваньні.
«Мы ствараем Балтыйскую лінію абароны сумесна з Латвіяй і Эстоніяй. Яна будзе інтэграваная з умацаваньнямі, якія створыць Польшча ў рамках сваёй новай ініцыятывы. Акрамя таго, мы шмат што зробім на мяжы ў рамках уласных літоўскіх нацыянальных рашэньняў. Перш за ўсё гэта тычыцца ўзьвядзеньня участкаў загарод, якія перашкаджаюць мабільнасьці. Некалькі пунктаў на мяжы зь Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю будуць грунтоўна абсталяваныя паркамі контрамабільнасці.
Празь месяц мы абвесьцім больш канкрэтна, што будзе зроблена ў рамках літоўскага абароннага пляну», — сказаў Кашчунас у інтэрвію выданьню Reform.news.
Літоўскі міністар абароны таксама адмоўна адказаў на пытаньне журналіста, ці ўспрымае Літва Беларусь і рэжым Аляксандра Лукашэнкі як самастойныя субʼекты.
«Абсалютна не. Гэта цалкам акупаваная тэрыторыя», — сказаў Лаўрынас Кашчунас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкія войскі ўпершыню пасьля Другой сусьветнай вайны дыслякуюцца за мяжой, з мэтай стрымліваньня пагроз Расеі і Беларусі ў Літве ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўрынас Кашчунас стаў новым міністрам абароны Літвы