Магілёўца асудзілі на 6 месяцаў калёніі за сарваны дзяржаўны сьцяг, апэляцыю не задаволілі
Дзьмітрыя Пузікава асудзілі паводле арт. 370 (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў) Крымінальнага кодэксу Беларусі ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва яшчэ 28 сакавіка. Судзьдзя Вольга Зарычнюк прызначыла Дзьмітрыю 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
6 чэрвеня ў Магілёўскім абласным судзе 6 чэрвеня судовая калегія разгледзела апэляцыйную скаргу Дзьмітрыя, але пакінула прысуд суда Кастрычніцкага раёна Магілёва бязь зьменаў, а скаргу не задаволіла, даведаліся праваабаронцы «Вясна».
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён 21 студзеня 2024 году ў стане алькагольнага ап’яненьня сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынку крамы і зламаў дрэўка.
Дзьмітрый цалкам прызнаў віну. Яму прызначылі прымусовае лекаваньне ад алькагалізму.
У Жлобіне судзяць былога рабочага БМЗ
У судзе Жлобінскага раёну 13 чэрвеня судзяць былога рабочага БМЗ Яўгена Сізова, якога абвінавачваюць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу, піша «Вясна».
Cудзіць жыхара Жлобіна прызначылі судзьдзю Натальлю Качалаву, вядомую палітычна матываванымі прысудамі ўдзельнікам акцый пратэстаў у 2020 годзе. Вядома, што Яўгена затрымалі сілавікі з прымяненьнем сілы ў красавіку гэтага году.
Судовыя працэсы за ўдзел у акцыях пратэсту ў Жлобіне ў 2020 годзе працягваюцца і дагэтуль. Літаральна два дні таму па «народным» артыкуле тут судзілі Ілью Грышкова, а 6 чэрвеня адбыўся суд над Ільлём Патырыным. Вынікі судоў праваабаронцам пакуль не вядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 чэрвеня: чарговы арышт за «пікетаваньне» тату з Пагоняй на назеЖыхара Мар’інай Горкі затрымалі за тое, што падтрымліваў Украіну
Відэа з затрыманым апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, паведамляюць праваабаронцы.
На ім затрыманы малады чалавек кажа, што пакідаў камэнтары ў падтрымку Ўкраіны ў тэлеграм-канале «Реальная Беларусь». Ён таксама радаваўся перамогам Украіны ў яе вайне супраць расейскай агрэсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 чэрвеня: салігорца затрымалі за пратэсты і адміністраваньне чатуГорадзенца, які вызваліўся пасьля году калёніі, судзяць за «незаконныя дзеяньні зь дзяржаўнымі сымбалямі»
У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні на 13 чэрвеня прызначаны разгляд пратаколу на Аляксандра Бабкіна па артыкуле аб незаконных дзеяньнях адносна дзяржсымбаляў (артыкул 24.54 КаАП), паведамляе тэлеграм-канал «Право имеют».
У чэрвені 2021 году Бабкіну прысудзілі 1 год калёніі па абвінавачаньні ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 КК). Горадзенец выказаўся пра яго, патэлефанаваўшы на нумар міліцыі.
Раней паводле гэтага артыкула судзілі тых, хто не ўставаў падчас выкананьня дзяржаўнага гімна. У сьнежні 2021 году слонімца аштрафавалі на 290 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 7 чэрвеня: за ўдзел у пратэстах у Менску асудзілі цэлую сям’ю; затрымалі назіральніцу на выбарахСузаснавальніка сеткі кавярняў Paragraph Зьмітра Чоўгана арыштавалі на 15 сутак
Сузаснавальніка сеткі кавярняў Paragraph Зьмітра Чоўгана арыштавалі на 15 сутак, паведаміў прапаведнік Сергій Мельянец.
Паводле яго слоў, Чоўган 7 чэрвеня паехаў у Польшчу. На мяжы яго затрымалі і адвезьлі ў ІЧУ. 10 чэрвеня суд прызначыў яму 15 сутак арышту па неназваным артыкуле.
Пасьля затрыманьня на аватар у Facebook і Instagram Чоўгану быў загружаны чырвона-зялёны сьцяг, заўважыла «Мэдыязона».
Чоўган быў служыцелем царквы «Чыстае сэрца». У яго чацьвёра дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 чэрвеня: за абразу Лукашэнкі асудзілі пэнсіянэрку зь Ліды і палітвязьня з ВоршыЖурналістку Алену Цімашчук, асуджаную на 5 гадоў зьняволеньня, прызналі палітзьняволенай
Адпаведнае рашэньне прыняла праваабарончая супольнасьць.
Раней журналістку-фрылансэрку Алену Цімашчук абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК), распальваньні варожасьці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК) і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні (ч. 3 арт. 361-1 КК), паведамляла ініцыятыва Dissidentby.com.
У выніку Цімашчук прысудзілі 5 гадоў калёніі і штраф 46 тысяч рублёў.
Раней Алена Цімашчук як фрылансэрка супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданьнямі «Вечерний Брест», «Брестский курьер», «Брестская газета», інтэрнэт-выданьнем «Виртуальный Брест», а таксама з «Брестским зелёным порталом».
БАЖ паведамляў, што, паводле інфармацыі ад мясцовых журналістаў, Алена Цімашчук, супрацоўнічаючы зь незалежнымі выданьнямі, не рыхтавала публікацый на палітычныя тэмы. Часам яна рабіла рэклямныя артыкулы і пісала на тэмы псыхалёгіі, бо мае вышэйшую адукацыю ў гэтай галіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці журналістцы Алене Цімашчук прысудзілі 5 гадоў калёніі і штраф 46 тысяч рублёў