Запіс сьпеву «Цьвярдыня» ў выкананьні Ўладзімера Караткевіча (аўтар словаў — імаверна Ўладзімер Караткевіч, аўтар музыкі — Алег Каравайчук) зроблены для мастацкага фільму «Жыцьцё і ўзьнясеньне Юрася Братчыка» паводле раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ў 1967 годзе.
Фільм трапіў на экраны толькі праз 22 гады. Поўны аўдыёзапіс у сеціве апублікаваны толькі цяпер, паведаміў у фэйсбуку кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.
Вядомая і гісторыя стварэньня кампазыцыі.
«Нямногія заўважаюць, што Ўладзімер Сямёнавіч Караткевіч ня толькі напісаў сцэнар да стужкі, але й сыграў дзьве эпізадычныя ролі — ксяндза ды татарына. Акром таго, засьпяваў за кадрам! Песьня ў розных крыніцах пазначаецца як народная альбо як старадаўні гімн. Хутчэй гэта ўсё ж уласны твор Караткевіча са спасылкай на псальму Давіда, ды выкананы пісьменьнікам у лірніцкае манеры, хаця й пад цымбалы.
Саўндтрэк да фільму „Жыцьцё ды ўзьнясеньне Юрася Братчыка“ напісаў кампазытар Алег Каравайчук, ураджэнец Кіева, і ён таксама, дарэчы, зьняўся ў эпізодзе. Ад пачатку 60-х да 90-х канцэрты Каравайчука забараняліся, а творы канфіскоўваліся…», — напісаў дасьледнік беларускай музыкі Віктар Сямашка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэмінгуэй, Стывэн Гокінг і Ўладзімер Караткевіч. Што журналіст Карней чытае на «Валадарцы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму «Каласы...» Караткевіча прыбралі з праграмы, а Талстога — не? Расказваем пра «фэйкі» расейскай літаратуры