На праспэкце Баграм’яна ў Ерэване перад будынкам Нацыянальнага сходу адбываецца чарговая акцыя пратэсту супраць ураду Армэніі. Лідэр руху «Тавуш у імя Радзімы» архіяпіскап Баграт Галстаньян патрабуе сустрэчы з прэм’ер-міністрам краіны Ніколам Пашыньянам. Каля галоўнай брамы будынку 12 чэрвеня засяродзіліся ўзмоцненыя сілы паліцыі, на некалькі дзён перакрытая вуліца, што прылягае да кварталу, піша армянская служба Свабоды.
Па стане на 21:43 армянскага часу вядома пра 55 асоб, якія зьвярнуліся па мэдычную дапамогу. Лёгкае раненьне атрымаў апэратар СМІ «CivilNet». Сябра «Праваабарончай ініцыятывы 5» юрыст Рубэн Мелік'ян паведаміў, што па стане на 21.40 у іх ёсьць інфармацыя аб 6 затрыманых у крымінальных справах.
У сярэдзіне дня стала вядома пра затрыманьне 42 удзельнікаў пратэстаў за «непадпарадкаваньне».
Пазьней адбыліся сутычкі паміж паліцыяй і удзельнікамі пратэсту. Паліцыя падала лічбу ўжо ў 70 затрыманых. Сілавікі ўжылі сьвятлашумавыя гранаты. Ёсьць інфармацыя пра пацярпелых, але невядомая ступень сур’ёзнасьці іх траўмаў і іншыя дэталі сутычак.
Старшыня Нацыянальнага сходу Ален Сіманьян заявіў, што паліцыя «справядліва ўжыла гукавыя гранаты». Ён зьвінаваціў Галстаньяна ў «нападзе на паліцыю».
Вядома, што пацярпелыя ёсьць як сярод мітынгоўцаў, так і паліцыі, паведамілі ў МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване мітынгоўцы паставілі намётавы лягер перад парлямэнтам. ФОТАНагодай для мітынгаў у Армэніі сталі тэрытарыяльныя саступкі Азэрбайджану, якому Армэнія паабяцала перадаць некалькі прымежных сёлаў. Бакі падпісалі дакумэнты аб дэлімітацыі ў канцы красавіка. Працэдура вызначэньня становішча межаў павінна была пачацца ў чатырох сёлах у Тавускім рэгіёне.
Па словах навуковага супрацоўніка Інстытуту прыкладной палітыкі Армэніі Сяргея Мэлканьяна, гаворка ідзе пра сёлы, дзе праз сутыкненьні на армяна-азэрбайджанскай мяжы ніхто не жыве з 1980-х гадоў. Яны знаходзяцца ў нэўтральнай зоне паміж пазыцыямі войскаў дзьвюх краін. Пратэстоўцаў раздражняе пазыцыя Нікола Пашыньяна і ягонага ўраду, які пад ціскам Азэрбайджану, баючыся новай вайны, ідзе на тэрытарыяльныя саступкі ў аднабаковым парадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян абвясьціў, што Армэнія выйдзе з АДКБ. Кіраўнік МЗС кажа, што таго няправільна зразумелі