Джэйк Саліван на сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заявіў пра непахісную падтрымку Злучанымі Штатамі народу Беларусі ў яго імкненьні да дэмакратычнай будучыні. Ён даў зразумець, што ЗША разам з партнэрамі і саюзьнікамі будуць працягваць рабіць крокі, каб прымусіць рэжым Лукашэнкі адказваць за яго дзеяньні, у тым ліку праз увядзеньне дадатковых санкцый, піша прэс-служба Белага дому.
Палітыкі абмеркавалі падтрымку рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны, працяг утрыманьня палітвязьняў і абуральныя парушэньні правоў чалавека.
Таксама на сустрэчы разглядалі далейшыя пляны наконт працягу Стратэгічнага дыялёгу паміж урадам ЗША і беларускім дэмакратычным рухам і грамадзянскай супольнасьцю.
11 чэрвеня зь Ціханоўскай сустрэліся амэрыканскія сэнатары Джын Шагін (старшыня сэнацкага падкамітэту міжнародных адносін у супрацоўніцтве ў галіне Эўропы і рэгіянальнай бясьпекі і сузаснавальніца фракцыі «Свабодная Беларусь», дэмакрат ад штату Нью-Гэмпшыр), сябра фракцыі «Свабодная Беларусь» Рычард Дурбін (дэмакрат ад Ілінойса) і Пітэр Уэлч (дэмакрат ад штату Вэрмонт).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас візыту ў ЗША Ціханоўская сустрэлася з дыпляматамі краін G7 і амэрыканскімі сэнатараміТаксама ў Вашынгтоне заплянаваныя сустрэчы Ціханоўскай з прадстаўнікамі Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША: старшынём падкамітэту замежных спраў Томасам Кінам-малодшым, дарадцам віцэ-прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Філам Горданам, старшынём Камітэту замежных спраў Сэнату Бэнджамінам Кардынам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі інтэлектуал напісаў, чаму Польшча павінна далей падтрымліваць беларускую справу