«Беларусь цалкам падзяляе мэты і падыходы БРІКС адносна фармаваньня новага справядлівага, сапраўды шматпалярнага сусьветнага парадку. У мінулым годзе наша краіна падала заяўку на ўступленьне ў сям’ю БРІКС. Спадзяёмся, што рашэньні маючага адбыцца саміту ў Казані дадуць магчымасьць нашай краіне атрымаць новы статус у аб’яднаньні», — цытуе міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка прэс-служба ведамства.
Паводле слоў Алейніка, краіны БРІКС, «якія валодаюць вялізнымі тэхналягічнымі, фінансавымі, чалавечымі і прыроднымі рэсурсамі, могуць зрабіць істотны ўнёсак у пабудову больш бясьпечнага і квітнеючага сьвету».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паварот да глябальнага Поўдня. Што ён дасьць БеларусіБеларусь, у сваю чаргу, гатовая паспрыяць супольным намаганьням, у тым ліку ў справе ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу, дадаў міністар.
«Патэнцыял БРІКС велізарны. Нам неабходна аб’яднаць нашы намаганьні супраць фрагмэнтацыі міжнароднай гандлёвай сыстэмы, супраць узмацненьня пратэкцыянізму і ўвядзеньня незаконных аднабаковых прымусовых захадаў», — сказаў ён.
На думку Алейніка, паспрыяць хутчэйшаму ўступленьню Беларусі ў БРІКС дапаможа тое, што дзяржава — адзін зь вядучых сусьветных экспартэраў калійных угнаеньняў і шэрагу катэгорый харчовых тавараў, а таксама машын і тэхналёгій у галіне сельскай гаспадаркі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразійская інтэграцыя як калідор для кантрабанды