«Белыя халаты»: зь віцебскага шпіталя пасьля праверкі Абельскай звольнілі галоўнага доктара і яшчэ двух супрацоўнікаў

Ілюстрацыйнае фота

У лякарні хуткай дапамогі ў Віцебску прайшла праверка аказаньня экстранай дапамогі, якую ўзначальвала галоўная доктарка Рэспубліканскага мэдыцынскага цэнтру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Ірына Абельская.

У выніку некалькі чалавек пазбавіліся працы, паведамляе мэдыцынская ініцыятыва «Белыя халаты».

Паводле інфармацыі ініцыятывы «Белыя халаты», па выніках праверкі зьнялі з пасадаў:

  • галоўнага доктара Андрэя Захарава,
  • галоўную мэдсястру Надзею Рыбалку,
  • загадчыка аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Васіля Мусійчука.

Выканаўцам абавязкаў галоўнага доктара, паводле зьвестак ініцыятывы, прызначылі ягонага намесьніка ў мэдыцынскай частцы Аляксандра Віньнікава.

Афіцыйна пра звальненьні не паведамлялі.

Тым часам з разьдзелу «Адміністрацыя» на сайце лякарні зьнікла інфармацыя пра галоўнага доктара.

Да Андрэя Захарава пасаду галоўнага доктара Віцебскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі займаў Сяргей Лазар, але яго зьнялі з пасады ў разгар пандэміі каранавірусу вясной 2020 году. Тады практычна 5 месяцаў лякарня працавала пад кіраўніцтвам выканаўцы абавязкаў галоўнага доктара Аляксандра Віньнікава. Восеньню 2020-га на пасаду прызначылі Андрэя Захарава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наколькі мала маіх калег засталося ў краіне». Апошняя частка падкаста «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абсталяваньне не адпавядала дзяржстандартам», — першыя высновы праверкі інцыдэнту з адключэньнем кіслароду ў Віцебску