Сьвятлана Ціханоўская пачала свой візыт у Вашынгтон з сустрэчы з амбасадарамі і дыпляматамі краін Вялікай сямёркі. Мерапрыемства было арганізавана кіраўніком дэлегацыі ЭЗ у ЗША. Ціханоўская падчас сустрэчы падкрэсьліла важнасьць міжнароднай падтрымкі для Беларусі і неабходнасьць працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі дзеля вызваленьня палітвязьняў і правядзеньня свабодных выбараў.
Паводле прэсавай службы Ціханоўскай, асноўнымі тэмамі абмеркаваньня былі:
- Захады для ўзмацненьня санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі і неабходнасьць павелічэньня фінансавай дапамогі Беларусі.
- Падтрымка беларускіх студэнтаў: магчымасьці пашырэньня стыпэндыяў для іх і магчымасьці іх выезду на навучаньне ў ЗША і іншыя краіны.
- Пытаньне пошуку і замарожваньня актываў Лукашэнкі ў іншых краінах, у тым ліку ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.
- Роля рэжыму Лукашэнкі ў вайне, супрацоўніцтва паміж расейскай і беларускай арміямі.
- Падтрымка палітвязьняў: дыпляматы прапанавалі арганізаваць вялікую кампанію ў ЗША па палітвязьнях, уключаючы публічны ліст генсакратару ААН ад кангрэсмэнаў і сэнатараў.
- Абмяркоўвалі супрацоўніцтва Лукашэнкі з Іранам, Кітаем і іншымі аўтарытарнымі рэжымамі.
11 чэрвеня зь Ціханоўскай сустрэліся амэрыканскія сэнатары Джын Шагін (старшыня сэнацкага падкамітэту міжнародных адносін у супрацоўніцтве ў галіне Эўропы і рэгіянальнай бясьпекі і сузаснавальніца фракцыі «Свабодная Беларусь», дэмакрат ад штату Нью-Гэмпшыр), сябра фракцыі «Свабодная Беларусь» Рычард Дурбін (дэмакрат ад Ілінойса) і Пітэр Ўэлч (дэмакрат ад штату Вэрмонт).
Падчас сустрэчы сэнатары і Ціханоўская гаварылі пра падтрымку Лукашэнкам Пуціна ў вайне Расеі супраць Украіны.
«Беларускаму народу надакучыў прыгнёт Лукашэнкі і падпарадкаваньне Пуціну, калі ён бязьлітасна нападае на Ўкраіну, — сказаў Рычард Дурбін. — Я цалкам падтрымліваю імкненьне беларусаў жыць у дэмакратычнай, сувэрэннай, незалежнай краіне».
Сэнатарка Джын Шагін сказала, што радая зноў сустрэцца зь Ціханоўскай, зь якой яна «шчыльна супрацоўнічае, каб падтрымаць усіх беларусаў, якія выступаюць за больш свабодную і дэмакратычную будучыню для сваёй краіны». Таксама яна згадала пра палітвязьняў, якія цяпер знаходзяцца ў беларускіх турмах. «Падчас нашай сустрэчы мы абмеркавалі магчымасьці палепшыць цяжкае становішча тых, хто змагаецца за свабоду», — адзначыла Джын Шагін.
Сэнатар Пітэр Ўэлч адзначыў, што для яго «было вялікім гонарам» далучыцца да размовы зь Ціханоўскай і таксама выказаў сваю салідарнасьць зь беларусамі.
Таксама падчас першага дня візыту ў Вашынгтон Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з экс-сьпікеркай Палаты Прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі. Ціханоўская падзякавала Нэнсі Пэлосі за салідарнасьць і абмеркавала зь ёй неабходнасьць прыняцьця Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Ціханоўская распавяла Пэлосі пра сытуацыю з палітвязьнямі, узмацненьне рэпрэсіяў і спробы Расеі паглынуць Беларусь, пра вынікі выбараў у Каардынацыйную раду і пляны дэмакратычных сіл на 2025 год.
Падчас сустрэч з Пэлосі і сэнатарамі абмеркавалі:
- праект новага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, Ціханоўская заклікала прыняць яго як найхутчэй;
- кампанію ў падтрымку беларускіх палітвязьняў, у прыватнасьці зьняволеных беларускіх журналістаў, і магчымыя крокі па іх вызваленьні, у тым ліку абмяркоўвалі пытаньне санкцыяў;
- мерапрыемствы па Беларусі падчас саміту NATO;
- працяг і павелічэньне падтрымкі для незалежных мэдыяў, рэпрэсаваных, ініцыятываў у сфэры культуры, а таксама праваабарончых і іншых ініцыятываў, а таксама падтрымку беларусаў у ЗША.
Таксама Ціханоўская сустрэлася з намесьнікам Дзяржаўнага сакратара ЗША ў палітычных пытаньнях Джонам Басам. На сустрэчы таксама прысутнічаў Крыс Сьміт, які адказвае ў Дзярждэпартамэнце за Беларусь.
Падчас гэтай сустрэчы абмеркавалі:
- працяг Стратэгічнага дыялёгу з ЗША (ў сьнежні плянуецца высокаўзроўневая сустрэча ў рамках дыялёгу), прызначэньне спэцпасланьніка па Беларусі;
- фінансавую падтрымку беларускіх мэдыяў, рэпрэсаваных, культурніцкіх і адукацыйных ініцыятываў, а таксама спрашчэньне працэдуры выдачы візаў для беларусаў;
- сытуацыю з палітвязьнямі, магчымыя крокі па іх вызваленьні;
- новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, закрыцьцё «шчылінаў», сынхранізацыю санкцыяў паміж ЭЗ і ЗША, у прыватнасьці, за ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне;
- наступныя крокі па прыцягненьні рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці празь міжнародныя суды;
- міжнародную палітыку: як тэма Беларусі можа прагучаць на Саміце міру па Ўкраіне ў Швайцарыі і Саміце NATO, які пройдзе празь месяц у Вашынгтоне;
- цяперашнія адносіны Беларусі з Украінай і ўзаемадзеяньне з украінскім урадам.
Прадстаўнікі ЗША запэўнілі Ціханоўскую, што палітыка ЗША застанецца пасьлядоўнай і прынцыповай у дачыненьні да Беларусі і супраца з дэмакратычнымі сіламі працягнецца.
Якія яшчэ сустрэчы чакаюцца
11–13 чэрвеня Святлана Ціханоўская наведвае Вашынгтон, дзе плянуецца яе выступ у Кангрэсе ЗША аб праблемах палітвязьняў.
Таксама Ціханоўская правядзе сустрэчы ў Белым доме і Дзярждэпартамэнце ЗША, сустрэнецца з кангрэсмэнамі і сэнатарамі, амбасадарамі, журналістамі, а таксама зь беларусамі, якія жывуць у ЗША.
Сярод іншага, заплянаваныя сустрэчы Ціханоўскай зь іншымі прадстаўнікамі Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША: старшынёй падкамітэту замежных спраў Томасам Кінам-малодшым, дарадцам віцэ-прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Філам Горданам, старшынёй Камітэту замежных спраў Сэнату Бэнджамінам Кардынам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком МЗС Люксэмбурга падтрымку рэпрэсаваных, мэдыя і культурыХто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам