Стала вядома, што экс-дырэктара санаторыя «Беларусь» Андрэя Кобеля асудзілі ў верасьні 2023 году на 9 гадоў калёніі за «здраду дзяржаве», даведалася «Вясна».
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, справу разглядала Алена Ананіч. 24 лістапада адбылася апэляцыя, а ў сьнежні Кобеля адправілі ў калёнію адбываць тэрмін.
Пра затрыманьне былога кіраўніка санаторыя стала вядома ў сьнежні 2022 году з прапагандысцкага фільму «Апэрацыі беларускага КДБ супраць спэцслужбаў Захаду і Ўкраіны». У фільме паказаны апэратыўныя кадры, на якіх Кобель дае паказаньні. У сюжэце была агучана інфармацыя, што ён прапрацаваў галоўным доктарам у санаторыі «Беларусь» у Літве больш за 10 гадоў, потым быў галоўным доктарам у беларускім санаторыі ў расейскім Сочы.
«Літоўцы абклалі яго па ўсіх правілах шантажу: пагражалі крымінальнай справай за махінацыю зь зямельным участкам, крадзеж сродкаў пры рэканструкцыі санаторыя, маўляў, пазбавяць яго і членаў сям'і дазволу на жыхарства, а сыну падкінуць у аўтамабіль наркотыкі», — сьцьвярджалі аўтары прапагандысцкага фільму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 16 іншаземных шпіёнаў за два гады. Як і каго ў Беларусі абвінавачвалі ў агентурнай дзейнасьціГаварылася, што ён нібыта даваў сваім «куратарам з заходніх спэцслужбаў» зьвесткі аб рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, якая знаходзіцца на тэрыторыі санаторыя. Акрамя гэтага, апэратыўнікі КДБ устанавілі, што Кобель нібыта ўладкоўваў на працу тых, каго патрабаваў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы.
У Менскім гарадзкім судзе 11 чэрвеня грамадзянку Літвы, супрацоўніцу санаторыя «Беларусь» у Друскеніках Алену Раманаўскіене асудзілі на 6 гадоў калёніі. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але, як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна нібыта «неаднаразова перадавала зьвесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў».
Жанчыну нібыта завэрбавалі літоўскія спэцслужбы таксама больш за 10 гадоў таму, як гэта рэжым Лукашэнкі сьцьвярджаў і пра Кобеля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянку Літвы ў Беларусі асудзілі на 6 гадоў калёніі за «агентурную дзейнасьць»