У Менскім гарадзкім судзе 11 чэрвеня грамадзянку Літвы, супрацоўніцу санаторыя «Беларусь» у Друскеніках Алену Раманаўскіене асудзілі на 6 гадоў калёніі, паведамляе «Вясна».
Яе прызналі вінаватай паводле арт. 358-1 КК («Агентурная дзейнасьць»).
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але, як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна нібыта «неаднаразова перадавала зьвесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў». Яе нібыта завэрбавалі літоўскія спэцслужбы больш за 10 гадоў таму.
Як раней паведамляла літоўскае выданьне 15min, затрымаць Раманаўскене маглі летась, калі яна вярталася ў Літву зь Беларусі, дзе наведвала родных.
МЗС Літвы пацьвердзіла затрыманьне літоўскай грамадзянкі ў Беларусі праз абвінавачаньне ў «агентурнай дзейнасьці».
«Мы ведаем пра сытуацыю, аказваем консульскую дапамогу», — заявіла прадстаўніца міністра замежных спраў Паўліна Лявіцкіце, піша LRT.
У МЗС Літвы ў сувязі з гэтым выпадкам чарговы раз нагадалі пра рэкамэндацыю грамадзянам Літвы ня езьдзіць у Расею і Беларусь пасьля актывізацыі варожых і правакацыйных дзеяньняў інстытутаў гэтых дзяржаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паехала да былога мужа па алімэнты, а пасадзілі за шпіянаж». Гісторыя яшчэ адной украінкі, якую асудзілі ў Беларусі