Беларусь на гэтым сымпозыюме з 2016 году прадстаўляе загадчыца катэдры сусьветных моваў Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Пятра Машэрава Ірына Зайцава.
Яна запомнілася тым, што ў 2019 годзе ўсе імпрэзы да Міжнароднага дня матчынай мовы арганізавала па-расейску і пры падтрымцы фонду «Русский мир».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску склалі пэтыцыю за адстаўку рэктара ўнівэрсытэту — за Дзень роднай мовы па-расейскуШто вядома пра Зайцаву
Ірына Зайцава прыехала з Кіева ў Беларусь на працу ў 2016 годзе. Яна адразу ачоліла катэдру сусьветных моваў у Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце.
Зайцава нарадзілася ў Расеі, але большую частку свайго жыцьця жыла і працавала ў Луганску, цяпер акупаваным Расеяй.
Ірына Зайцава была сябрам Партыі рэгіёнаў, якую ачольваў колішні прэзыдэнт Віктар Януковіч. У час ягонага прэзыдэнцтва яна пераехала ў Кіеў і працавала намесьніцай міністра адукацыі і навукі (у той час міністэрствам кіраваў Дзьмітро Табачнік), а пасьля звальненьня з гэтай пасады — дырэктарам Украінскага цэнтру ацэньваньня якасьці адукацыі.
У 2014 годзе яе звольнілі, як кажуць, паводле артыкулу, — за аднаразовае грубае парушэньне працоўных абавязкаў у сфэры фінансаў. Але гэта не перашкодзіла ёй далей уладкавацца на пасаду прафэсара катэдры расейскай мовы Нацыянальнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Драгаманава.
З пэдагагічнага ўнівэрсытэту яе звольнілі ў 2016 годзе пасьля звароту да рэктара 200 прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі з патрабаваньнем звольніць «агрэсіўную ўкраінафобку і карупцыянэрку». Пасьля скандальнага звальненьня яна пераехала з Кіева ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнялі міністра-русіфікатараХто яшчэ ўдзельнічаў у сымпозыюме
Арганізатары сёлетняга сымпозыюму пакуль не апублікавалі дакладнай яго праграмы. Мерапрыемства штогод праходзіць у Ялце. У ім удзельнічаюць навукоўцы і выкладчыкі навучальных устаноў Расеі, а таксама з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый.
Летась ад Беларусі разам Ірынай Зайцавай удзельнічалі або прадставілі свае навуковыя даклады:
- дацэнт катэдры дашкольнай і пачатковай адукацыі Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аксана Даніч з дакладам «Міжпрадметны навучальны слоўнік як сродак лінгвакультурнай пісьменнасьці малодшых школьнікаў»;
- Аляксандар Госьцеў з Горадні з дакладам «Беларускія карані Аляксандра Грына: міты і сапраўднасьць»;
- Ксенія Давыдзенка з Горадні з дакладам «Асоль і Яўгеній у антрапалягічным мастацкім вымярэньні расейскім Ідэалам Чалавека і Часам»;
- дацэнт Віцебскага філіялу Міжнароднага ўнівэрсытэту «МИТСО» Аляксандар Дзядзінкін з дакладам «Лінгвапсыхалягічны партрэт экстрэміста: праблемы мадэляваньня»;
- выкладчыца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Тацяна Мельнікава і дацэнтка Вайсковай акадэміі Беларусі Сьвятлана Харанека з супольным дакладам «Аспэкты лінгвістычнага і літаратуразнаўчага аналізу мастацкага тэксту на службе ў выкладчыка расейскай мовы як замежнай у мэдычнай вышэйшай навучальнай установе»;
- выкладчыца Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аксана Міласьцівая з дакладам «Асаблівасьці вывучэньня расейскага склонавага кіраваньня»;
- прафэсар Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Валянціна Маслова з дакладам «Вялікае расейскае слова як духоўная каштоўнасьць і духоўная аснова сьвету»;
- дацэнт Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Сьвятлана Антонава з дакладам «Фэстывальны адукацыйны дыскурс і наратыў у сыстэме каардынатаў і кагнітыўны фокус фармаваньня расейскай рытарычнай асобы славесьніка і яе моўнай сьвядомасьці»;
- Ірына Зайцава прадставіла даклад на тэму «Алена Рэмчукова (расейская дасьледніца, памерла ў 2023 годзе. — РС) аб эстэтычнай функцыі мовы ў мастацкай мове і за яе межамі».